ПЕРАМАГЛА "УСМЕШКА"



У Дзятлаве, на футбольнай пляцоўцы са штучным пакрыццём стадыёна "Колас", прайшоў раённы моладзевы турнір па міні-футболе. Спаборніцтвы ладзіліся пад эгідай раёмнай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Асноўнай мэтай сустрэчы была арганізацыя занятасці падлеткаў, у тым ліку схільных да супрацьпраўных дзеянняў, у вольны ад вучобы час.

У сяброўскім матчы сустрэліся зборная моладзевая каманда Вензаўца-Міроўшчыны "Сняжынка" і каманда падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама, "Усмешка". Галоўным суддзёй турніру быў настаўнік фізічнай культуры сярэднай школы №1 горада Дзятлава Уладзімір Якаўчык.

Спартсменаў павітаў начальна інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віктар Петрукевіч. Віктар Віктаравіч зазначыў, што спаборніцтвы па міні-футболе скіраваны на папулярызацыю сярод моладзі спорту і здаровага ладу жыцця. Гэта асабліва актуальна летам, калі ў школьнікаў і студэнтаў дастаткова вольнага часу. Радуе, падкрэсліў праваахоўнік, у час рэйдаў бачыць, што футбольная міні-пляцоўка не пустуе, а выкарыстоўваецца моладдзю для спартыўных гульняў.

Раённы турнір па міні-футболе пачаўся з традыцыйнага поціску рук. Варта зазначыць, што на працягу ўсёй гульні сапернікі з павагай адносіліся адзін да аднаго, пазбягалі выкарыстоўваць забароненыя прыёмы, а таму не атрымалі ніводнага папярэджання.

Ужо на пачатку першага тайма ў лідары пачалі выходзіць "цяжкія падлеткі" з "Усмешкі". Менавіта яны забілі першы гол і пастаянна стваралі пагрозлівыя сітуацыі ля варотаў саперніка. Як ні стараліся футбалісты са "Сняжынкі", але напрыканцы першага тайма лік складаў 4:1 на карысць "Усмешкі".

Пасля перапынку сітуацыя асабліва не памянялася, хаця крыху ўзмацнілася супрацьстаянне ігракоў "Сняжынкі". На гэты раз яны прапусцілі ў свае вароты толькі два мячы, аднак і адыграцца ў хлопцаў не атрымалася. Турнір скончыўся з лікам 6:1 на карысць "Усмешкі".

- Ваш поспех у таварысцкім матчы сведчыць аб тым, што, магчыма, прыспеў час замест супрацьпраўных дзеянняў і распіцця спіртнога ўсур'ёз заняцца спортам і стаць лідарамі многіх раённых спаборніцтваў, — звярнуўся да "цяжкіх падлеткаў" участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксандр Харошка. — Усё яшчэ наперадзе, бо ў вас засталася частка лета, каб патрэніравацца з мячом.

Дарэчы, менавіта футбольны мяч і дыплом пераможцаў ад раённага камітэта ГА "БРСМ" сталі галоўнымі прызамі моладзевага турніру па міні-футболе. Іх удзельнікам каманды "Усмешка" ўручыла выконваючая абавязкі першага сакратара РК ГА "БРСМ" Кацярына Хілімончык. Моладзевы лідар і супрацоўнікі міліцыі заклікалі школьнікаў звяртацца да іх з прапановамі, па якіх яшчэ відах спорту правесці раённыя спаборніцтвы гэтым летам, паабяцалі ўлічыць пажаданні моладзі і падлеткаў.

І. СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/