"Пажарнай службе лёс прысвяціўшы..."



Людзі na-рознаму прыходзяць у прафесію. Адны знаходзяцца ў пастаянным пошуку, пераходзяць з адной сферы ў іншую.
I нават пасля выхаду на пенсію не могуць зразумець, чаму так і не змаглі знайсці справу па душы. Іншыя... А іншым няма калі
аддавацца разважанням. Яны проста добрасумленна працуюць, радуюцца кожнаму дню, на працягу якога зрабілі штосьці добрае
і карыснае для людзей.

Напярэдадні Дня пажарнай службы я сустрэлася менавіта з такім чалавекам - пазітыўным, дабрадушным, пры гэтым, граматным і прынцыповым спецыялістам, чый лёс — пажарная служба. Ей Сяргей Саламевіч аддаў дваццаць адзін год.

— Сяргей Уладзіміравіч, чаму сталі ні доктарам, нi настаўнікам, а ратаўніком?
— Спецыяльнасць абраў таму, што ў нашай вёсцы двое старэйшых хлопцаў ужо былі афіцэрамі МНС. Прозвішча, дарэчы, у абодвух таксама Саламевіч. Ды і падабалася мне гэта мужчынская прафесія. У 1989 годзе па размеркаванні трапіў у Ліду на завод "Оптык" намеснікам начальніка прафесійна-пажарнай часці. Аднак праз паўтара месяца мяне прызвалі ў армію. Служыў у Маскве ў спецыяльнай вайсковай часці - узводзе аховы навукова-даследчага інстытута. Пад Масквой у Балашысе дзейнічаў навукова-даследчы інстытут пажарнай аховы. Камандзір прапанаваў застацца працаваць малодшым навуковым супрацоўнікам. Але адмовіўся, зрабіў выбар на карысць сям'і. Вярнуўся на завод інструктарам пажарнай прафілактыкі, але праз тры месяцы быў пераведзены на пасаду інспектара дзяржаўнага пажарнага нагляду інспекцыі Дзятлаўскага РАУС. Пасля яна трансфармавалася ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Так, з 1991 года асеў у Дзятлаве. Дзятлаўшчыну лічу сваей другой радзімай. Усё свядомае жыццё прайшло тут. За 21 год службы ў структуры займаў розныя пасады. Завочна скончыў Гомельскі інжынерны інстытут, потым камандны факультэт камандна-інжынернага інстытута, абараніў на 9 балаў магістарскую дыпломную работу. Са жніўня 2012 года ўзначаліў Воранаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, адтуль пайшоў на пенсію.

— Раскажыце запамінальныя гісторыі службы.
— Усе самыя запамінальныя моманты засталіся з пажараў, хоць асноўная дзейнасць мая заключалася ў прафілактычнай рабоце з людзьмі. Мабільнасці такой, як цяпер, не было — едзеш на пажар з баявым разлікам, бо не будзеш жа чакаць, калі сцішыцца полымя, каб пасля правесці гутарку з пацярпелымі. Браў у рукі рукаў, ствол і дапамагаў ліквідаваць пажар. Яшчэ не было ў мяне нават лейтэнанцкіх пагонаў, як давялося трапіць на вельмі трагічнае здарэнне, калі ў доме ў Гярбелевічах згарэлі двое дзетак. Глыбокае, незабыўнае ўражанне ад гэтай гісторыі. Тады бацькі пакінулі дзяцей адых дома, яны гулялі і кінулі газавы балончык у печку, адбыўся імгненны выбух. А калі начальнік каравула палез ратаваць дзяцей, — ён не ведаў, што яны ўжо загінулі, — ледзь паспеў выскачыць з дома назад, як узарваўся газавы балон. Быў таксама на пажары Дварэцкага льнозавода, калі тры дні не маглі збіць агонь, прымаў непасрэдны ўдзел у ліквідацыі вогненнай стыхіі. Не выходзіць з памяці масавая гібель людзей у Казлоўшчыне на пажары дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых.

— Сяргей Уладзіміравіч, два гады таму вы стал! маладым (у 45 гадоў) пенсіянерам. Не сумуеце?
— Неяк усё хутка скончылася. Але я на пенсіі не сумую і прафесіі сваей не змяніў. Цяпер я інжынер па пажарнай бяспецы сеткі магазінаў "Еўраопт" па Лідскім раёне. А яшчэ запрасілі ў Баранавіцкі навучальны цэнтр кіраўніком групы выязнога навучання працоўным спецыяльнасцям і навучання грамадзян праверцы дымавых вентыляцыйных каналаў. I мне гэта не складана — я прайшоў праз столькі рэальных трагічных сітуацый, што расказваю іх людзям, як прыклады, таму да мяне прыслухоўваюцца, уважліва адносяцца да інструктажу. Увогуле, я — аптыміст. Спрабую ад жыцця ўзяць самае лепшае. Лічу, што трэба вырашаць праблемы, а не гараваць над імі — яны былі, ёсць і будуць. Сам люблю жартаваць, і цаню тых, хто мае пачуццё гумару.

— Вы ўжо працуеце ў грамадзянскай сферы, тым не менш, Дзень пажарнай службы для вас па-ранейшаму застаецца прафесійным святам?
— Зразумела. У гэты дзень віншаванні прымаю ад сям'і, ад сваіх былых калегаў з Дзятлаўскага аддзела. Кожны год запрашаюць у Воранава на святочныя мерапрыемствы. I сам праз раёную газету хачу павіншаваць цяперашніх ратаўнікоў, ветэранаў пажарнай службы з прафесійным святам, пажадаць здароўя, паменш клопатаў, нявырашаных праблем, больш поспехаў, нагодаў для радасці. А яшчэ, вядома ж, традыцыйна — "сухіх рукавоў"!

Гутарыла I. КАМАРОВА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/