Парушальнікі атрымалі штрафы



На чарговым пасяджэнні кaмicii па справах непаўналетніх райвыканкама былі разгледжаны два адміністрацыйныя пратаколы, па якіх вынесены адпаведныя рашэнні.

Ехаў "зайцам"

Непаўналетні жыхар нашага раёна, які цяпер вучыцца ў Лідзе, вырашыў пад'ехаць адзін прыпынак на гарадскім трансларце без білета. Планы хлопца парушылі кантралёры. Яны склалі на безбілетніка адміністрацыйны пратакол.

Правапарушэнне падлетка разгледзелі на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама. У сваім учынку навучэнец раскаяўся, патлумачыў, што ехаць было зусім блізка, таму і не набываў у вадзіцеля талончык. Сэканоміць юнаму парушальніку не ўдалося. За паездку "зайцам" яму давядзецца заплаціць штраф 0,5 базавай велічыні. Таксама за парушэнне адміністрацыйнага заканадаўства хлопца паставяць на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх.

Падманула матулю

Ha пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разглядалі адміністрацыйны пратакол, складзены на маці непаўналетняй жыхаркі горада Дзятлава. Жанчына не выканала абавязкаў па выхаванні сваёй дачкі, у выніку чаго дзяўчынка ўчыніла новае правапарушэнне. Парушальніца знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, яе паводзіны не першы раз разглядаюць на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. 3 моманту апошняй сустрэчы юнай правапарушальніцы з членамі камісіі не прайшло і двух месяцаў.

Увесь гэты час маці старалася кантраляваць дачку, аднак дзяўчынка зноў схітрыла. Яна адпрасілася на дзень нараджэння сяброўкі, якая жыве ў адным доме. Маці строга наказала дачцэ не хадзіць гуляць на двор і хутчэй вяртацца дахаты. Аднак непаўналетняя ў сваім рукзаку вынесла за дзверы верхняе адзенне. Ім яна скарысталася, як толькі госці разышліся са свята: пайшла гуляць па горадзе ў кампаніі двух хлопчыкаў.

Прагулка была "выніковай". Дзяўчынка сапсавала штучнага снегавіка-ўпрыгажэнне, які стаяў ля адной з установаў. Чым ёй не спадабаўся снегавік, праваахоўнікам так і не прызналася. Як і раней, пра ўчынак дачкі маці даведалася ад супрацоўнікаў міліцыі, На гэты раз жанчыне давядзецца заплаціць штраф у памеры 11 базавых велічыняў.

На непаўналетнюю збіраюць дакументы для накіравання ў суд. Там будзе вырашацца пытанне аб далейшым лесе парушальніцы: застанецца яна дома пад кантролем зацікаўленых службаў або будзе накіравана для далейшага навучання ва ўстанову закрытага тыпу. На рахунку дзяўчынкі ўжо некалькі сур'ёзных правапарушэнняў, і зрухаў да лепшага не назіраецца.

І.СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/