Папярэджанні і іск у суд



Ha чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны тры пытанні аб магчымасці вяртання бацькам дзяцей, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і два хадайніцтвы аб прыняцці мераў да бацькоў
непаўналетніх, якія належным чынам не выконваюць свае абавязкі.

Вяртаць нельга

Чатыры месяцы таму непаўналетняга прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Хлопчык быў не патрэбны бацькам, якія разведзены. Непаўналетні жыў з маці, але яна недастаткова ўвагі надавала сыну, хаця ведала, што ён схільны да супрацьпраўных паводзінаў. У бацькі — новая сям'я. На словах ён выказвае жаданне забраць сына, на справе ж нічога для гэтага не зрабіў: умовы для пражывання хлопчыка не створаны.

Маці за час знаходжання сына ў прытулку дапусціла некалькі прагулаў на рабоце, прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, была п'янай. Лячэнне ад алкагольнай залежнасці жанчына не прайшла, спасыла-ючыся на адсутнасць грошай на кадзіроўку. Доктар-нарколаг прапаноўваў ей прайсці бяс-платнае лячэнне ў стацыянары, аднак гора-маці адмовілася. Ужыванню спіртнога спрыяе і атмасфера дома: жанчына не хоча расставацца з сужыцелем, які злоўжывае алкаголем.

У такую сям'ю хлопчыка вяртаць нельга, а часу на вырашэнне праблемаў, якія паспрыялі яго адабранню, у дарослых засталося няшмат: усяго два месяцы. Калі за гэты час сітуацыя карэнным чынам не зменіцца, іск камісіі аб пазбаўленні баць-коўскіх правоў будзе разглядаць суд.

Патанулі ў градусах

Маці дзяўчынкі, якую напры-канцы чэрвеня прызналі маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне, пазбаўлена бацькоўскіх правоў на трох старэйшых дзяцей. На жаль, гэты факт не паслужыў жыццёвым урокам для жанчыны. Свае ранейшыя праблемы яна перанесла ў новую сям'ю. Не асабліва клапоціцца аб вяртанні дачкі і бацька, цяперашні сужыцель жанчыны.

На рабоце мужчына характарызуецца пасрэдна, дапускае прагулы і ўжо прайшоў першую медыцынскую камісію для накіравання ў ЛПП. Дома не захоўваюцца правілы пажарнай бяспекі. Апошнім часам дарослыя ігнаравалі патрабаванні спецыялістаў адказных службаў, не прыйшлі на савет прафілактыкі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр. Дачку ў доме дзіцяці яны таксама ні разу не наведалі.

За некалькі дзён да пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на якое былі выкліканы, дарослыя прайшлі кадзіроўку ад алкагольнай залежнасці. Аднак гэты факт асабліва не паўплываў на сітуацыю: забяспечыць асноўныя патрэбы свайго дзіцяці яны па-ранейшаму не могуць. Іск аб пазбаўленні іх бацькоўскіх правоў накіраваны ў суд.

Вінаватая — бульба

Дзеці жанчыны прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разглядалася пытанне аб магчымасці вяртання іх у сям'ю. Характарыстыка ў маці станоўчая, і яна свядома прыкладала намаганні, каб вярнуць непаўналетніх. Аднак жанчына асуджана, знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама, таму павінна прытрымлівацца вызначанага рэжыму адбывання пакарання і вяртацца дахаты ў пэўны час. Нядаўна праваахоўнікі не засталі маці дома ў час чарговай праверкі. Яна патлумачыла, што ездзіла на пераборку бульбы і затрымалася на рабоце. Прававую ацэнку дзеянням жанчыны дасць суд. На жаль, вярнуць дзяцей пры такой сітуацыі немагчыма, таму вырашэнне і гэтага пытання будзе залежаць ад суда.

Кідае дзяцей — ідзе гуляць

Сям'я, дзе гадуюцца двое дзяцей, адно з якіх з асаблі-васцямі псіхафізічнага развіцця, знаходзіцца на ўліку як сацыяльна небяспечная з 2011 года. Усяму віной — паводзіны маці. Жанчына злоўжывае алкаголем, схільна да бадзяжніцтва, а таму часта кідае дзяцей адных без нагляду і адсутнічае па некалькі дзён. У час сваіх "вандровак" гора-маці не тэлефануе родным, а калі вяртаецца, не расказвае, дзе была. Колькі жанчына можа адсутнічаць дома, яе блізкія не ведаюць. А таму пры адсутнасці маці дзяцей даглядае бацька, а ў час яго камандзіровак — бабуля. Да бацькі спецыялісты адказных службаў не маюць прэтэнзій, аднак працаваць і клапаціцца аб дзецях аднаму яму складана. На жонку ж меры прафілактыкі аказваюць часовае ўздзеянне, затым усё паўтараецца.

На камісіі па справах непаўналетніх дарослых папярэдзілі, што, калі сітуацыя ў сям'і не выправіцца, дзяцей забяруць. Бацькоў пад роспіс азнаёмілі з патрабаваннямі Дэкрэта №18.

Заданне — навесці парадак дома

Паводзіны бацькоў адмоўна ўплываюць на выхаванне двух дзяцей, адно з якіх мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Бацька непаўналетніх неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за п'янку. У доме, дзе жыве сям'я, і на надворку — брудна. Дарослыя не прытрымліваюцца элементарных правілаў гігіены. Старэйшы сын у снежні прапускаў заняткі ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з-за хваробы, аднак маці не паказала яго доктару, спасылаючыся на адсутнасць транспарту.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама дарослым расказалі аб на-ступствах іх паводзінаў і запатрабавалі навесці дома належны парадак. Ад таго, наколькі сур'ёзна бацькі аднясуцца да патрабаванняў службаў прафілактыкі, залежыць далейшы лёс іх дзяцей.

Аляксандр ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты "Перамога" , член камісіі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/