Памылкі бацькоў - пакуты дзяцей



На чарговым пасяджэнні каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 разгледжаны пытанні аб прызнанні дзіцяці з сям'і, дзе выяўлены прыкметы недабрабыту, у сацыяльна небяспечным становішчы. Таксама прааналізавана выкананне раней прынятых рашэнняў па прызнанні непаўналетніх у сацыяльна небяспечным становішчы. Па выніках аналізу ў камісію па справах непаўналетніх райвыканкама былі накіраваны звароты аб прызнанні трох дзяцей з дзвюх сем'яў маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Урок пройдзены - высновы не зроблены

У сям'і, дзе гадуецца паўтарагадовая дзяўчынка, было ініцыявана сацыяльнае расследаванне. Раней бацькі ўжо траплялі ў поле зроку службаў прафілактыкі, калі спачатку ў сацыяльна небяспечным становішчы, а затым маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне прызнавалі іх стрэйшага сына. На той час сітуацыя ў сям'і стабілізавалася, хлопчыка вярнулі, цяпер ён ужо дарослы. Здаецца, бацькі павінны былі засвоіць урок і не дапускаць памылак. На жаль, гісторыя паўтарылася, і вінаватая ў сямейным недабрабыце - маці. Жанчына раней праходзіла лячэнне ад алкагольнай залежнасці, але цяпер зноў пачала ўжываць алкаголь. Калі п'е, знікае з дому на некалькі дзён. Пакуль яе няма, аб маленькай дачцэ даводзіцца клапаціцца бацьку і бабулі. На пасяджэнні каардынацыйнага савета гора-маці расказала, што збіраецца зноў прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці, аказаць дапамогу ў гэтым ёй паабяцала кіраўніцтва гаспадаркі. Тым не менш, спецыялісты службаў прафілактыкі прынялі рашэнне прызнаць дзіця ў сацыяльна небяспечным становішчы на адзін год з улікам праблем-най сітуацыі.

Бацька замяніў маці

З-за асацыяльных паводзінаў маці бацьку давялося ўзяць клопаты пра сына на сябе. Дапамагаюць мужчыну яго бацькі. У хлопчыка ёсць усё неабходнае, родныя цікавяцца яго вучобай і паводзінамі, ідуць на кантакт з педагогамі і спецыялістамі службаў прафілактыкі.

Маці жыве асобна, злоўжывае алкаголем, мала цікавіцца дзіцём, апошнім часам увогуле не выходзіць на сувязь. Мужчына збіраецца праз суд спагнаць з яе аліменты, а пазней, калі нічога не зменіцца да лепшага, - звярнуцца з іскам аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. У жанчыны яшчэ ёсць час вырашыць, ці патрэбен ёй сын.

Не дзеці важныя, а бутэлька

Шасцёра дзяцей, якія гадуюцца ў шматдзетнай сям'і, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы з-за паводзінаў бацькі. У мужчыны вялікія запазычанасці па неаплачаных штрафах, большасць з якіх "зароблены" за "п'яныя" пратаколы. Судом было прызначана прымусовае лячэнне ад алкагалізму, але доктара-нарколага даўжнік наведвае нерэгулярна. Не спяшаецца ён зарабляць грошы: за прагулы быў звольнены з сельгаспрадпрыемства, на новым месцы работы таксама пачынае адпрошвацца "па важных справах". Нядаўна ў стане алкагольнага ап'янення гора-бацька ўчыніў сварку з суседзямі. Была выклікана міліцыя. На нецвярозага буяна зноў склалі пратакол. Мужчыну папярэдзілі, што ў хуткім часе ён можа апынуцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі - грунтоўныя падставы для накіравання туды ўжо ёсць.

Сыну патрэбна падтрымка

На пасяджэнні каардынацыйнага савета райвыканкама было прынята рашэнне яшчэ на год прадоўжыць работу з сям'ёй непаўналетняга, прызнанага ў сацыяльна небяспечным становішчы. У гэтым ёсць неабходнасць з-за нестабільнай сітуацыі. Маці прайшла кадзіроўку ад алкагольнай залежнасці, але гарантый, што гэта дапаможа надоўга, няма. Сам падлетак з'яўляецца навучэнцам аднаго з каледжаў, але заняткі наведвае нерегулярна, матывуючы свае паводзіны тым, што марыў паступіць зусім у іншую навучальную ўстанову. Дабірацца хлопцу ў каледж і дахаты складана: няма прамых аўтобусных рэй-саў. Члены каардынацыйнага савета прапанавалі жанчыне паклапаціцца аб пераводзе сына ў навучальную ўстанову, аб якой ён марыў. Магчыма, мацярынская падтрымка і станоўчае вырашэнне праблемнага пытання дапамогуць хлопцу атрымаць спецыяльнасць.

У праблемах дзяцей вінаватыя бацькі

Каардынацыйны савет накіраваў у камісію па справах непаўналетніх райвыканкама звароты аб прызнанні трох дзяцей з дзвюх сем'яў маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

У першай сям'і двух хлопчыкаў гадуюць маці і яе сужыцель. Нядаўна сыноў экстрана забралі з сям'і і змясцілі ў центральную раённую бальніцу. Маці з імі не паехала, бо была п'яная і адмаўлялася ад медыцынскага асведчання. Пры адабранні дзяцей жанчына актыўна супраціўлялася работнікам міліцыі. Гэтаму папярэднічаў яшчэ і скандал з сужыцелем, з-за якога і былі выкліканы экстраныя службы. Мінулыя пасяджэнні каардынацыйнага савета і камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама жанчына праігнаравала. Ёй паведамілі, што ёсць грунтоўныя прычыны для прызнання дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Другая roрa-маці таксама вядзе амаральны лад жыцця, неаднаразова была асуджана, пазбаўлена правоў на старэйшага сына. Нядаўна яна нарадзіла яшчэ аднаго хлопчыка, але адказнасці за дзіця не адчувае. Сужыцель жанчыны гатовы юрыдычна ўстанавіць бацькоўства. Мужчына станоўча характарызуецца на працы і па месцы жыхарства (у суседняй вобласці), выказвае гатоўнасць забраць сужыцельку і сына з сабой. Аднак нядаўнія падзеі паказалі, што, каб гэта зрабіць, трэба будзе даказаць сур'ёзнасць свайго намеру.

Справа ў тым, што немаўля было экстрана адабрана ў п'янай маці і змешчана ў бальніцу. Як высветлілася, жанчына неаднаразова ўжывала алкаголь, не звяртаючы ўвагі, што сваімі паводзінамі ставіць жыццё сына пад пагрозу. Дзіця ў такія моманты забірала суседка. У бальніцы ropa-маці наведала сына, але і туды ўмудрылася прыйсці п'яная. Немаўля прызнаюць маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Ёсць падставы лічыць, што ў далейшым маці могуць зноў пазбавіць бацькоўскіх правоў, бо яна мае вялікую запазычанасць па выплатах на ўтрыманне старэйшага сына.

Сяргей СЁМУХА, старшыня суда Дзятлаўскага раёна
Аляксандр ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты "Перамога"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/