Палубачкі



Калі з дарогі на Дварэц скіраваць управа і па гравійцы праехаць тры кіламетры, то вачам адкрыецца цудоўны краявід узгоркаў, размежаваных лагчынкамі, што ўтвораны ручаінамі і безназоўнымі рачулкамі, ахоўна зарослых кустамі і дрэўцамі. Тут утульна схавалася ў нізінцы паміж пагоркамі разараных палёў вёска Палубачкі. Паводле архіўнага дакумента "Вопросные листки и обложки к ним о населённых пунктах на землях, входивших в состав Дворецкой вол. Слонимского уезда 1886 года", вёска пазначана пры ўрочышчы "Середнее". Назва ўрочышча паказвае на яго размяшчэнне паміж іншых урочышчаў. Што ёсць праўда.

У тым жа "Анімалістычным слоўніку Гродзеншчыны" зафіксавана каля Палубачак "поле Селішча". I гэта ёсць яшчэ адно пацвярджэнне даўняга пасялення каля вёскі. Ізноў прасочваецца тэндэнцыя навасёлаў будавацца каля старога месца з раней апрацаванай зямлёй.

У Інтэрнэце напаткаў просьбу карыстальніка з імем Андрэй распавесці пра паходжанне назвы вёскі, а таксама растлумачыць, што азначае частае тут прозвішча Жых.

У даведніку Я. Н. Рапановіча "Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці" ёсць блізкая назва Палубнікі. Розніца паміж тапонімамі не толькі суфіксальная, але і націскная: Палубачкі і Палубнікі. I гэта даволі істотнае адрозненне, якое можа сведчыць пра розныя вытокі паходжання.

На тэрыторыі Гродзенскай вобласці ёсць толькі два тапонімы з такой жа, як і Палубачкі, суфіксальнай канструкцыяй: Красачкі ў Лідскім раёне і Сабачкі — у Шчучынскім. Тры тапонімы знаходзяцца ў паўночна-заходнім куточку Беларусі, дзе мноства назваў з вытокамі ад балцкіх каранёў. Цікава даследаваць "радаслоўную" гэтых тапонімаў, каб наблізіцца да адказу на пытанне карыстальніка сеціва пра паходжанне назвы вёскі Палубачкі.

Навукоўцы прызнаюць індаеўрапейскую спадчыну ў балцкім рэгіёне. Яе рэлікты прасочваюцца і ў яцвяжскай мове, якая займала прастору на значнай частцы Гродзеншчыны і на Дзятлаўшчыне, у прыватнасці. Лічу, што назва Красачкі паходзіць ад кораня krase насуперак другому меркаванню пра паходжанне ад літоўскага кораня kras-/kros з каранёвай асновы ад гоцкага hrot у значэнні "дах" альбо "дахавая кроква". Спашлюся ў сваёй трактоўцы вось на што.

Звычайна ўзведзеныя чалавекам будовы атрымлівалі назвы ад розных найменных асноваў. Напрыклад, назва "дом" паходзіць ад слова "дым". Старажытнаславянскае слова "изба" ("истъба") або памяншальнае "истобъка" ў значэнні цёплага памяшкання таксама запазычаныя. А, напрыклад, славянскае "зруб" ("сруб") азначае сабранае ў чатыры сцяны збудаванне без падлогі і даха з апрацаваных бярвенцаў. Як можна бачыць, пабудова атрымлівае назву ў выніку розных акалічнасцяў: функцыянальнасці, знешняга выгляду, спосабу будаўніцтва. Назва пабудовы нярэдка пераносіцца і на назву самаго пасялення: ізба — Ізбішча (Пухавіцкі і Лагойскі раёны). Тапонім Ізбішча абумоўлены старой сістэмай земляробства, калі пакінутыя ўчасткі зямлі набывалі такія назвы. Гэта было сведчанне месцазнаходжання былых пабудоваў, тыпу пасялення на месцы старой зямлі.

Найбольш старажытныя збудаванні нагадвалі па сваёй канструкцыі паўзямлянкі і зямлянкі, сцены якіх значна заглыблены ў зямлю, а над імі — дах, абкладзены мохам альбо саломай. Чэшскі археолаг-славянавед Любор Нідзерле даў апісанне такой пабудовы, блізкай па знешніх і канструкцыйных асаблівасцях да зямлянкі. Такія будынкі былі характэрныя да часоў першага тысячагоддзя нашага часу ва Усход-няй Еўропе. У скандынаўскіх паселішчах яны ўзводзіліся і ў раннім сярэднявеччы. Выгляд толькі аднаго даха над зямлёю і з'явіўя асновай паняційнага афармлення назвы пабудовы, ад якой атрымала назву і вёска Красачкі. Слова krase i яго значэнне, верагодна, калісьці трапіла ў балцка-яцвяжскі асяродак, бо кантакты балтаў з германцамі і скандынавамі маюць тысячагадовую гісторыю.

У тапоніме Сабачкі ўтвараючай асновай магло стаць уласнае імя — ад Саба, Сабін, Сабіч, якое раней сустракалася на Беларусі. Пра гэтае імя дакладна распавёў беларускі вучоны-мовазнаўца М. В. Бірыла ў сваёй працы "Беларуская антрапанімія".

Тапонім Палубачкі мог сфарміравацца ад мянушкі Палубіс, якая не мае блізкага славянскага кораня. Такое прозвішча сустракаецца ў Беларусі, напрыклад, у Віцебску і Брэсце.

Паводле двухтомнага "Слоўніка літоўскіх прозвішчаў" літоўскіх жа навукоўцаў А. Ванагаса, В. Мацеяўскенэ і М. Размукайтэ, на тэрыторыі сучаснай Літвы распаўсюджаны прозвішчы на аснове кораня Palubys з рознымі суфіксамі. Само слова абазначае прастору (месца) пад столлю: palubys — ад утвараючай асновы lubu — столь. Паводле выяўленай М. В. Бірылам і А. П. Ванагасам заканамернасці, прэфікс "па-" адпавядае беларускаму "пад-". Ад балцкай мянушкі Палубіс (асоба высокага росту), а потым і ад нашчадкаў Палубіса атрымана назва паселішча.

П. РУСАЎ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/