Паклікала вясёлая эстафета



Весела, цікава, з пажаданнямі і падарункамі для выхаванцаў прытулка сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава прайшоў Міжнародны дзень абароны дзяцей.

Па-святочнаму прыбраная пляцоўка пад адкрытым небам хутка запаўнялася гасцямі. На свята завіталі прадстаўнікі ААТ "ААБ Беларусбанк", аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённых арганізацый грамадскіх аб'яднанняў "Беларускі саюз жанчын", "БРСМ", раённага савета ветэранаў, раённага аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Беларускі дзіцячы фонд".

Музычныя віншаванні для ўдзельнікаў сустрэчы падрыхтавалі навучэнцы гімназіі №1 горада Дзятлава з педагогам Святланай Андрунінай.

Пасля некалькіх песень і дынамічнага танца дзяцей на старт паклікала вясёлая эстафета. Да выхаванцаў прытулка далучыліся іх равеснікі-валанцёры. Юныя спартсмены падзяліліся на дзве каманды - "Лідары" і "Аптымісты". Пераборваючы смех, дзеці выконвалі заданні эстафеты. Давялося пабегаць у валенках і шубах, насіць шклянкі з вадой на тэнісных ракетках, збіраць рукзакі для пахода і нават надзяваць процівагазы. У час спаборніцтваў хут-чэй прыходзіць на фініш атрымлівалася ў каманды "Лідары", якая і стала пераможцай. Аднак зарад бадзёрасці і добры настрой атрымалі ўсе спартсмены.

Не менш прыемным момантам свята стала ўручэнне выхаванцам прытулка падарункаў ад гасцей свята.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/