Падзяка ў юбілей



На палетках КСУП "Слава працы" адбылася прыемная сустрэча з нагоды 65-гадо-вага юбілею загадчыцы фермы Зоі Гарошка. Словы шчырай удзячнасці за пленную працу, адданасць прафесіі, калектыву выказаў ёй старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, ён пажадаў Зоі Іванаўне настойлівасці ў дасягненні пастаўленых задач, сямейнага дабрабыту, моцнага здароўя, усмешак і цеплыні.

У 1990 годзе, у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС, Зоя Іванаўна пераехала з Ровенскай вобласці (Украіна) у Дзятлаўскі раён. Спачатку працавала даяркаю, затым загадчыцай участка, пасля звеннявой, а з 2008 года ей даверана адказная праца загадчыцы фермы. Чалавек вялікай душы, яна перажывае за ўсё, што адбываецца на давераным ёй участку. Арганізацыя рабочага працэсу ў Зоі Іванаўны заўсёды на належным узроўні: сама працуе не пакладаючы рук і падначаленым сядзець на месцы не дае. Зоя Іванаўна чалавек спакойны і ўраўнаважаны. Да сваіх пфацоўных дасягненняў адносіцца з уласцівай ёй сціпласцю. Аналізуючы працоўны шлях Зоі Гарошка, разумееш, як важна, каб чалавек хваляваўся за агульную справу так, як за сваю ўласную. Добрасумленная, старанная, адказная, дысцыплінаваная, яна заваявала давер кіраўніцтва, і гэтая станоўчая характарыстыка ставіць яе ў лік лепшых працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны ў сельскагаспадарчай арганізацыі.

Пад наглядам загадчыцы фермы - 230 кароў, уключаючы маладняк. Належны догляд клапатлівай загадчыцы за цялятамі садзейнічае высокай іх захаванасці і таму, што яны хутка набіраюць вагу, іх рацыён кармлення - на асаблівым яе кантролі. Любоў да жывёл, клопат за іх стан, прырост - характэрная якасць для сапраўднай гаспадыні і загадчыцы фермы.

- Ноч спаць не буду, усё перажываю за іх, як за малых дзяцей, - гаворыць Зоя Іванаўна. Радуе жанчыну і тое, што сёлета своечасова заклалі сянажныя ямы якаснага сіласу, і нарыхтоўка сена адбываецца амаль пад поўную кармавую патрэбу. Не без гонару Зоя Іванаўна гаворыць пра тое, што калектыў у іх добры, працаўнікі ў большасці сваей людзі сумленныя, адказныя і працалюбівыя. Шматгадовы вопыт работы, практычныя напрацоўкі, вялікае пачуццё адказнасці сталі надзейным падмуркам станоўчай працы Зоі Гарошка і могуць стаць скарбонкай ведаў і арыенцірам у працы маладых спецыялістаў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/