Падбадзёрыць добрым словам



Напярэдадні зімовых святаў у рэдакцыю прыйшло цёплае пісьмо ад жьіхара вёскі Студзераўшчына Антона Гузарыка. Антон Фёдаравіч чалавек, які цэніць дабро, таму ён напісаў у газету пра нераўнадушную жанчыну-медыка, прафесіянала сваей справы, Раісу Курман, якая заўсёды спяшаецца на дапамогу пацыентам.

Вось з якімі словамі звярнуўся ў рэдакцыю Антон Гузарык: "Я шмат гадоў выпісваю газету "Перамога". У ёй ёсць рубрыка "Пра людзей харошых", Такі чалавек ёсць і ў нашай мясцовасці.

Загадчыцай Горкаўскага фельчарска-акушэрскага пункта працуе Раіса Мікалаеўна Курман, вялікай душы жанчына.
Я жыву ў вёсцы Студзераўшчына, мне за 80 гадоў, але яшчэ мог сам весці простую гаспадарку: нанасіць дроваў і вады, справіцца па доме. Аднак прыйшла бяда - у мяне адняліся ногі. У час хваробы мне на дапамогу прыйшла наша доктар. Раіса Мікалаеўна кожны дзень у любое надвор'е дабіралася з Горкі ў Студзераўшчыну, каб даць мне ўколы і таблеткі, падбадзёрыць добрым словам. Яе клопаты пайшлі на карысць майму здароўю - я зноў хаджу, спраўляюся з усімі паўсядзённымі справамі самастойна".

Прачытаўшы пісьмо Антона Фёдаравіча, карэспандэнтка газеты звярнулася ў Раготнаўскую амбулаторыю, каб больш даведацца пра Раісу Курман і яе прафесійную дзейнасць.

Пра сваю калегу расказала памочнік доктара Раготнаўскай амбулаторыі Тэрэза Кардаш.

- Раіса Мікалаеўна шмат гадоў прысвяціла медыцыне, у тым ліку рабоце фельчарам Горкаўскага ФАПа, - зазначае Тэрэза Іванаўна. - Родам яна з Дзятлава, пэўны час працавала ў хірургічным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы. Затым сям'я пераехала ў сельскую мясцовасць, бо ў Раготнаўскім лясніцтве працуе муж.

Раіса Мікалаеўна старанная, патрабавалася, дысцыплінаваная работніца. Калі што даручыш, можаш быць упэўнены: зробіць абавязкова.

У сувязі з пандэміяй каранавіруса вясковыя медыкі цяпер стараюцца наведваць сваіх пажылых пацыентаў на даму, каб старыя людзі менш хадзілі туды, дзе можна "падхапіць" захворванне. Безумоўна, спецыялістам у белых халатах, каб дабрацца да кожнага, трэба пераадолець за дзень шмат кіламетраў у любое надвор'е. Напрыклад, толькі ад Горкі да Студзераўшчыны больш за тры кіламетры. Для эканоміі часу і сіл работнікам ФАПаў выдзелілі веласіпеды.

Цэнтралізавана цяпер адбываецца выдача рэцэптаў і лекаў. Напрыклад, фельчары нашай зоны абслугоўвання прыязджаюць у Раготнаўскую амбулаторыю і тут выпісваюць людзям рэцэпты, атрымліваюць медыкаменты, якія затым развозяць сваім пацыентам па адрасах.

Цудоўна, што ў такі складаны час пацыенты не леняцца дзякаваць сваім дактарам, падбадзёрваюць іх добрымі словамі, натхняюць на новыя справы.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/