"Падары вышыванку сябру" -прынясі радасць вялікай сям'і



Вышыванка ў беларусаў лічыцца сімвалам здароўя, прыгажосці, шчасця, памяці рода, любові. 2 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень вышыванкі, а ў нашым раёне яшчэ адно значнае свята - 520-годдзе горада Дзятлава, 3 ліпеня наша краіна святкуе Дзень Незалежнасці — адным словам, нагодаў для віншаванняў і падарункаў больш чьім дастаткова.

Напярэдадні святаў Дзятлаўская раённая арганізацыя грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын" падтрымала традыцыйную акцыю "Падары вышыванку сябру". Старшыня арганізацыі Алена Жадзейка і яе намеснік Таццяна Нікіпорчык накіраваліся ў Дзіцячы дом сямейнага тыпу Шэлегаў, што ў райцэнтры.

Шматдзетныя прыёмныя бацькі Марына і Аляксандр Шэлегі цёпла сустрэлі гасцей. Яны расказалі, што хлопчыкі - дванаццацігадовы Вова, адзінаццацігадовы Кірыл, васьмігадовы Арцём, шасцігадовыя Данік, Паша і Сёма - знаходзяцца на адпачынку, дома засталася толькі трохгадовая Улада. Менавіта яна і стала галоўнай атрымальніцай падарункаў.

Алена Жадзейка павіншавала сям'ю Шэлегаў з надыходзячымі святамі, пажадала моцнага здароўя, ладу і дабрабыту, Божай дапамогі, каб дзеці кожны дзень радавалі добрымі ўчынкамі, каб адносіны былі шчырымі і цёплымі.

Дадаць яшчэ крыху цеплыні ў гэту вялікую дружную сям'ю Алена Жадзейка і Таццяна Нікіпорчык вырашылі з дапамогай падарункаў ад жансавета. Сям'і ўручылі прыгожы вышываны ручнік і кубкі з выявамі славутасцяў горада Дзятлава -
гістарычнага цэнтра і палаца Радзівілаў. Усё гэта прыйдзецца дарэчы за сямейнымі чаяпіццямі і пастаянна будзе нагадваць дзецям і дарослым, у якім прыгожым і ўтульным горадзе яны жывуць, якая самабытная наша Беларусь.

Варта зазначыць, што мерапрыемствы да Дня вышыванкі, юбілея горада і Дня Незалежнасці прадоўжацца. Вышыванку і сімвалы нашай краіны дзятлаў-чане і госці раёна ўбачаць яшчэ не раз на адзенні людзей у дні святаў, на конкурсе малюнкаў, на святочных пляцоўках.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/