Падарожжа па адметных мясцінах



У кожнага чалавека ёсць жаданне ведаць гісторыю сваёй краіны, пабываць у невядомых мясцінах.

У першыя дні новага 2020 года навучэнцы Раготнаўскага дзіцячага сада-базавай школы адправіліся на экскурсію па месцах дыслакацыі партызанскіх атрадаў Ленінскай партызанскай брыгады на тэрыторыі Дзятлаўскага, Шчучынскага і Мастоўскага раёнаў, якую прысвяцілі 75-годдзю Вялікай Перамогі.

Першым прыпынкам стаў мемарыяльны комплекс "Музей. Зямлянка", які знаходзіцца ў вёсцы Зачэпічы Шчучынскага раёна. Мемарыяльны комплекс належыць Орлеўскаму дзіцячаму саду-сярэдняй школе імя С.П. Шупені. Настаўніца гісторыі Марыя Сядзельнік цікава, змястоўна і даступна расказала аб ваенных падзеях, вучні наведал! зямлянку.

Другі прыпынак - дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова "Рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Ліпічанская пушча", дзе нас сустрэў дырэктар Андрэй Варабей. Ясным зімовым днём хлопчыкі і дзяўчынкі прайшлі па сцежках Ліпічанскай пушчы, пакаштавалі гаючую ваду са Свята-Троіцкай Шчарскай крыніцы. Побач стаіць асвечаны крыж. Мясцовыя жыхары лічаць, што вада з гэтай крыніцы валодае адмысловымі якасцямі, якія дапамагаюць пазбавіцца ад фізічнай і душэўнай немачы.
Наведалі старую дзягцярню.

Як расказаў Андрэй Міхайлавіч, гэта - унікальны аб'ект, таму што на тэрыторыі Беларусі не засталося такіх месцаў, дзе б захаваліся ўсе элементы такога промыслу.

На правым беразе Шчары мы наведалі мемарыял ахвярам фашызму і героям-партызанам., Ад мемарыяла сцяжынка прывяла нас да зямлянкі-музея і сапраўднай партызанскай лазні.

Пабылі мы і на ўскрайку вёскі Шымкі, дзе каля зарослага балотца побач растуць вольха, ясень, дуб, рабіна, каліна, белая і чорная бяроза. Чуць далей убачылі групу з дубоў-веліканаў, самаму старому з якіх 450 гадоў.
Асабліва здзівіліся двайному дубу, які ў абхваце чатыры метры, высачэзнаму вязў з дзіўна выгнутымі галінамі.
У заказніку шмат альтанак-стаянак, дзе можна адпачыць. Вучні пераканаліся, што ў Ліпічанскай пушчы ёсць што паглядзець, ствараюцца ўмовы для адпачынку людзей.

Усім, хто не пабыў на пройдзеным намі маршруце, раім гэта зрабіць. Прыгажосць казачная і карысць вялікая!

Надзея КАНЯВЕГА, настаўніца Раготнаўскага дзіцячага сада-базавай школы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/