Па здароўе - у садок



Задача захавання і ўмацавання здароўя дзяцей з'яўляецца прыярытэтнай у дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі, а для санаторных груп мае першапачатковую актуальнасць і значнасць.

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава ёсць санаторная група дзяцей, якія часта хварэюць, дзе ствараюцца аптымальныя ўмовы для ўмацавання здароўя і камфортнага эмацыянальнага самаадчування выхаванцаў, фарміравання ў іх асноў здаровага ладу жыцця.

Для гэтага выхавальнікі праводзяць хвілінкі здароўя, прапануюць дзецям пальчыкавыя гульні і дыхальныя практыкаванні, практыкаванні на прафілактыку плоскаступнёвасці, парушэння паставы і зроку, забяспечваюць загартоўванне і аптымальны рухальны рэжым, прадугледжваюць змену поз дзяцей.

У кніжным кутку, акрамя кніг і часопісаў, дадаткова размяшчаюцца тэматычныя паштоўкі, на якіх прапануюцца невялікія вершы пра садавіну і агародніну, хлеб і бульбу, спорт і фізкультуру, чысціню і гігіену.
Сюжэтыя гульні падказваюць выхаванцам аб правілах здаровага ладу жыцця.

Атрыбуты спартыўнага кутка выкарыстоўваюцца дзецьмі самастойна і з дапамогай выхавальніка. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем выконваюць дыхальныя практыкаванні з каляровымі стужкамі, ходзяць па дарожках "здароўя", гуляюць з масажнымі мячыкамі, малымі абручамі і кеглямі.

На рухальных перапынках уключаецца рытмічная музыка, пры самастойнай гульнявой і выяўленчай дзейнасці - ціхая і спакойная.

Выхавальнікі ўзаемадзейнічаюць з медыцынскімі работнікамі, якія праводзяць перыядычны медыцынскі агляд выхаванцаў, арганізуюць дыетычнае харчаванне, вітамінізацыю, прафілактычны масаж і фізіятэрапеўтычныя працэдуры, праводзяць тэматычныя гутаркі з дзецьмі і іх бацькамі аб правілах культуры здароўя.

Фізкультурна-аздараўленчую работу забяспечвае кіраўнік фізічнага выхавання, які плануе і праводзіць мерапрыемствы з улікам узросту, полу, індывідуальных асаблівасцяў і асобасных якасцей дзяцей, спецыфікі захворванняў і стану здароўя выхаванцаў.

Педагог-псіхолаг прапануе дзецям псіхагімнастычныя гульні і практыкаванні: "Падорым дабрыню", "Сагрэем птушачку", "Усміхнёмся сонейку", "Дапаможам сябру".

Спадзяёмся, што нашы намаганні і падыходы дапамогуць умацаваць здароўе выхаванцаў і забяспечыць іх рознабаковае развіццё.

Надзея СТУПЧЫК, выхавацельніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 г. Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/