Няхай не спыняецца "Кола часу"



Рэспубліканскі фестываль-конкурс "Кола часу" Беларускага таварыства інвалідаў па зроку ўпершыню прайшоў у Лідзе. Удзельнікі і гледачы, якія прыехалі сюды з розных рэгіёнаў нашай рэспублікі, сабраліся на адкрытай пляцоўцы ля Лідскага замка. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі ўражвалі гасцей і журы сваімі талентамі, энергіяй, пазітыўным успрыняццем жыцця.

Адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Міхаіл Антоненка зазначыў:
— Штогод наша арганізацыя праводзіць значныя фестывалі. Яркай падзеяй у Мінску быў міжнародны фестываль-конкурс сцэнічнага майстэрства "Эдэльвейс", гасцям і жыхарам Гродзеншчыны запомніўся фолк-фэст "Гуды , які ладзіўся ў Каробчыцах, а цяпер "Кола часу" "дакацілася" і да Ліды. Такім чынам людзі з асаблівасцямі хочуць расказачь усім, што яны таксама любяць, адчуваюць і цэняць прыгожае, умеюць бачыць не вачамі, а душой.

Гродзенская абласная аргайізацыя ГА "БелТІЗ" па выніках абласнога конкурсу-фестывалю творчасці інвалідаў па зроку "Сердцем видим, творим, здравствуем" выбрала для прадстаўлення на рэспубліканскім этапе 11 лепшых нумароў. Сярод выканаўцаў быў і ўдзельнік Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА "БелТІЗ", вядомы ў нашым раёне пераможца і прызёр многіх творчых конкурсаў, лаўрэат сёлетняга абласнога фестывалю Віталь Крэйдзіч з песняй "Музыка" трупы "Воскресение". Падтрымаць сына ў час выступления прыехала старшыня раённай арганізацыі ГА "БелТІЗ" Святлана Пятроўна Крэйдзіч.

Фестываль "Кола часу" ўпэўнена можна назваць сур'ёзным і рэйтынгавым, бо сярод канкурсантаў былі вядомыя выканаўцы. Гэта неаднаразовая пераможца міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, удзельніца праграмы "Голас" на расійскім тэлебачанні, прадстаўніца Мінскай гарадской арганізацыі ГА "БелТІЗ" Патрыцыя Курганава, мужчынская вакальная група "Хорус" з Віцебска, якая мае званне народнай і шырока вядома за межамі Беларусі, прадстаўнік Гродзенскай раённай арганізацыі Аляксандр Крывіцкі, неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх вакальных конкурсаў.

Віталь Крэйдзіч дастойна прадставіў наш раён на фестывалі. Разам з нашым земляком, падхапіўшы песню "Музыка", спявалі многія госці свята. I, нягледзячы на тое, што Віталь на гэты раз не стаў прызёрам, яго выхад на рэспубліканскую сцэну побач з вядомымі выканаўцамі варта лічыць поспехам. Упершыню за апошнія 10 гадоў прадстаўнік Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА "БелТІЗ" удзельнічаў у рэспубліканскім этапе.

Як зазначае сам Віталь Крэйдзіч, удзел у фестывалі "Кола часу" — гэта моцны стымул творчай дзейнасці, які падказвае, што не варта спыняцца на дасягнутым, што трэба рухацца наперад да новых вяршыняў, каб у скарбонцы дасягненняў з'явіўся яшчэ і дыплом рэспубліканскага конкурсу. Віталь і раённая арганізацыія ГА "БелТІЗ" дзякуе за дапамогу ў падрыхтоўцы да фестывалю загадчыцы аддзела культуры і адпачынку "Гезгалаўскі дом культуры" Святлане Анатольеўне Русак, за падтрымку і арганізацыю паездкі ў Ліду — дырэктару Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання горада Дзятлава Таццяне Сямёнаўне Нікіпорчык і спецыялістам Цэнтра Валянціне Расціславаўне Саламевіч і Алене Пятроўне Калюцік.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/