Новы год - свята без узросту



Навагодніх цудаў аднолькава чакаюць і дарослыя, і дзеці. I нават пажылыя людзі. А грамадскія аб'яднанні Дзятлаўшчыны робяць маленькія мары рэальнасцю.

Святочны сюрпрыз атрымалі жыхары Дома сумеснага пражывання пажылых грамадзян у Гезгалах.

Павіншаваць іх прыбылі старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын" Алена Васкель, сакратар Дзятлаўскага раённага Савета ветэранаў Ядвіга Гушча.

Шасцярых жыхароў дома сумеснага пражывання ў Гезгалы прывялі розныя шляхі. Разам яны сустрэлі Новы 2021 год. Да святочнага стала ім прэзентавалі салодкія падарункі і свежую садавіну.

Пра сваіх падшэфных з Дома сумеснага пражывання не забываюць і навучэнцы Гезгалаўскай сярэдняй школы. Яны наведалі пажылых людзей, падарылі ім навагоднія паштоўкі і сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.

Дзякуючы Алене Васкель, Галіне Касцюк, калектыву Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і наведвальнікам яго аддзяленняў (дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык" і дзённага знаходжання для пажылых людзей) свята таксама завітала да насельнікаў аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў, што знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына.

Цяпер гэта ўстанова працуе ў закрытым рэжыме, каб зберагчы сваіх падапечных ад каранавірусу. Але, калі навагодні настрой не пускаюць у дзверы, ён абавязкова зазірне ў вокны. Таму госці апрануліся ў Дзеда Мароза і Снягурачку, прывезлі з сабой расцяжку "3 новым годам" і ў двары пад вокнамі дарылі бабулям і дзядулям добры настрой, а падарункі для насельнікаў перадалі праз работніцу аддзялення.

Па дарозе заехалі да маладога інваліда, сказалі і яму цёплыя словы падтрымкі, уручылі падарунак.

Наталля АВЯРЧУК, Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/