Не спыняцца на паўдарозе



Гэта важная рыса ўласціва характеру настаўніцы англійскай мовы, педагогу-арганізатару сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Таццяне Пазняк. Для сваіх вучняў Таццяна Юр'еўна не толькі любімы педагог, але і лідар, на якога многія раўняюцца, і старэйшы сябар, да якога ў любы момант можна звярнуцца па парады.

Цікава было даведацца ў маладой настаўніцы, што прывяло яе ў прафесію, як яна заваявапа давер у дзяцей і ці проста адначасова спраўляцца з арганізатарскай і настаўніцкай работай.

- У дзяцінстве мне вельмі падабалася англійская мова, - расказвае Таццяна Пазняк, - доўгі час марыла стаць перакладчыкам, захаплялася самастойнымі перакладамі розных тэкстаў. У старэйшых класах пачала прывабліваць яшчэ і прафесія педагога: добра атрымлівалася дапамагаць аднакласнікам пры падрыхтоўцы да заняткаў, на дзень самакіравання з задавальненнем вяла ўрокі. Можна ўпэўнена казаць, што ў прафесію я прыйшла па закліку душы.

- А як сталі педагогам-арганізатарам?
- Была вакансія, і я вырашыла паспытаць свае сілы. Усё атрымалася. Люблю бавіць час з дзецьмі. Праекты, акцыі, рэпетыцыі - гэта маё. Вядома, складана сумяшчаць урокі і грамадскую дзейнасць, але я строга планую свой час, таму навучылася ўсё паспяваць. Работа педагога-арганізатара патрабуе творчасці і кемлівасці. Часам ідэі прыходзяць самі, і застаецца толькі іх рэалізаваць, нярэдка яны паступаюць ад вучняў.

- Як удаецца заахвоціць навучэнцаў да ўдзелу ў акцыях ці грамадскіх справах?
- Першапачаткова маімі надзейнымі памочнікамі былі школьныя актывісты, цяпер навучылася прывабліваць да ўдзелу розных дзяцей. Дарэчы, нашы вучні вельмі творчыя. Напрыклад, сёлета ў нас былі выбары ў вучнёўскі савет. Яго спікерам стала дзесяцікласніца Таццяна Орсік. Літаральна адразу ж Таня прыйшла з цэлым спісам новых ідэй, якія прапаноўвала ажыццявіць. Было зразумела, што яе кандыдатуру школьнікі падтрымалі нездарма.

- Таццяна Юр'еўна, ведаю, што вы яшчэ і актывістка раённай арганізацыі ГА "БРСМ"?
- Гэта сапраўды так. Калі я пачала працаваць у школе, адбылося знаёмства з першым сакратаром Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА "БРСМ" Кацярынай Хілімончык, якая запрасіла мяне на акцыю. Мне спадабалася. Увогуле, люблю быць у гушчы падзей, сустракацца з людзьмі, рабіць што-небудзь карыснае. Калі вяртаюся з такіх мерапрыем-стваў, абавязкова расказваю пра іх дзецям, спыняюся на тым, што было найбольш важным і значным. Такім чы-нам станаўлюся добрым прыкладам для навучэнцаў.

- А якія яны, сучасныя дзеці?
- Яны вельмі. ўмелыя карыстальнікі як сацыяльных сетак, так і новых тэхналогій. Таму нярэдка здараецца, што мы, настаўнікі, пры неабходнасці звяртаемся да іх па дапамогу. Напрыклад, мне даводзілася шукаць падтрымкі ў вучняў, калі паступалі заданні здымаць відэасюжэты. У некаторых ёсць прафесійныя камеры, дзеці ўмеюць фатаграфаваць, здымаць, манціраваць відэаролікі. Калі ім цікава заданне, яны адгукваюцца з задавальненнем.

Радуе, што ў нашай школе развіваецца валанцёрскі рух. Старэйшыя школьнікі актыўна дапамагаюць падшэфным, сярод якіх і педагогі-ветэраны. Малодшыя навучэнцы з вялікім энтузіязмам майструюць для валанцёрскіх акцый віншавальныя паштоўкі і падарункі. 3 задавальненнем нашы валанцёры прымалі ўдзел у нядаўняй акцыі "Чысты лес".

- Аб чым вы марыце, чаго яшчэ жадаеце дасягнуць?
- Безумоўна, імкнуся пастаянна самаўдасканальвацца. Іншай прафесіі для сябе не хачу, а вось пападарожнічаць з сынам, калі скончыцца каранцін, вельмі жадаю. Хацелася б пабыць у Лондане, наведаць Біг БэнІ Букінгемскі дварэц, а ў ідэале - пабачыць каралеву. Хочацца таксама пагутарыць з англічанамі, бо для мяне, як для настаўніцы, вельмі цікава пачуць жывую англійскую гаворку.

- Што дапамагае вам быць паспяховай?
- Цярпенне, бо без яго працаваць з дзецьмі вельмі складана. Не ўсё ў працэсе навучання і выхавання адбываецца так, як хацелася б настаўніку. Бываюць хвіліны, калі апускаюцца рукі, але я раблю глыбокі ўдых - і працую далей. Не менш дапамагае ўменне даводзіць пачатыя справы да канца.

- Колькі ўжо працуеце ў школе, чаго дасягнулі за гэты час?
- Настаўнічаю ўсяго чацвёрты год, але ужо ёсць пэўныя набыткі. 3 дзецьмі занялі трэцяе месца ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу "Супертройка", у якім удзельнічаюць акцябронак, піянер і піянерважаты. Гэтым летам да нас прыязджала Мінскае тэлебачанне, і я дзялілася вопытам анлайн-работы з наведвальнікамі гуртка "Што? Дзе? Калі?". Передача пра нас выходзіла ў эфіры тэлебачання, Цяпер мы з дзецьмі рыхтуемся да ўдзелу ў рэспубліканскім этапе конкурсу сцяг-шоу "Агеньчык запрашае сяброў", бо каманда нашай школы стала абласным пераможцам.

- А чым любіце займацца ў вольны час?
- Стараюся прысвячаць яго сыну Яраславу. Любім разам глядзець мульцікі, складваць пазлы, чытаць і абмяркоўваць дзіцячыя кнігі, асабліва казкі. Сёлета Яраслаў пайшоў у школу, таму шмат увагі надаём падрыхтоўцы да заняткаў: вучымся чытаць, пісаць, лічыць. Нямала ўвагі надаю выхаванню сына, бо хачу, каб ён вырас годным чалавекам. Стараюся развіць у ім такія якасці, як павага да старэйшых, уменне сябраваць, любоў да ўсяго жывога. А калі здараецца вольная хвілінка - з задавальненнем саджуся за вышыўку крыжыкам, бо гэта супакойвае, прыводзіць думкі ў лад.

- Чаго пажадаеце моладзі нашага раёна?
- Мне здаецца, што сучасная моладзь, ды і многія дарослыя людзі, вельмі спяшаюцца, усё робяць на хаду, не паспяваючы асэнсаваць. Таму маладым людзям пажадаю ўмець спыняцца і не ўпускаць самае важнае ў жыцці. Яшчэ жадаю ўпэўненасці ў сабе, мэтанакіраванасці, дабрыні, умення чуць і разумець адзін аднаго, а таксама чалавечнасці.

Ірына Стырнік

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/