НАВАГОДНІЯ СВЯТЫ



Арганізаваць навагодняе свята для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык" Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна дапамаглі работнікі аддзела культуры і адпачынку "Наваельнянскі дом культуры". Яны прывезлі ў Дзятлава казачных герояў: Лесуна, Кікімару, Лісу, Зіму, Дзеда Мароза, Снягурку.

Сустрэча атрымалася вясёлай і цікавай — у аддзяленні панаваў святочны настрой. Разам з гасцямі наведвальнікі "Праменьчыка" ладзілі конкурсы, вадзілі карагоды вакол ёлкі, спявалі, танцавалі, чыталі вершы.

Вельмі спадабаўся гаспадарам свята конкурс сняжынак, якія неабходна было зрабіць самім. Напрыканцы сняжынкамі ўпрыгожылі навагоднюю ёлку. Завяршылася свята сяброўскім чаяпіццем.

Таксама наведвальнікі "Праменьчыка", якія з'яўляюцца выпускнікамі Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі горада Дзятлава, пабылі ў сваёй навучальнай установе на навагоднім ранішніку. Яны паўдзельнічалі ў конкурсах і павіншавалі педагогаў са святамі.

В. САЛАМЕВІЧ, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык" ЦСАН Дзятлаўскага раёна

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/