Наваельнянскай школе - 50



Свой паўвекавы юбілей з дня пераходу ў новы будынак адзначыла Наваельнянская сярэдняя школа

У ліку гасцей свята былі старшыня раённага Савета дэпутатаў (ранейшы дырэктар школы) А. Бараноўскі, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Жадзейка, старшыня Наваельнянскага сельвыканкама I. Кунахавец, настаяцель царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Наваельня айцец Валерый Мануйла, мясцовыя жыхары, былыя вучні, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў.

У фае школы гасцей вітаў Наваельнянскі духавы аркестр. У актавай зале можна было паглядзець сценгазеты з архіўнымі і сучаснымі фотаздымкамі з жыцця школы.

Першай прысутных павітала дырэктар установы М. Лашкоўская:
— Наша школа — гэта дом, які пабудавалі ўсе мы. Ён склаўся з цаглінак нашых справаў, якасцяў, талентаў — кожны ўнёс штосьці сваё. Юбілей установа адзначае ў добрай працоўнай форме. 3 кожным годам абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база і кабінеты, парадкуецца прышкольная тэрыторыя. Дзякуючы зладжанай рабоце калектыву, наша ўстанова з яўляецца шматгадовым лідарам раённага рэйтынгу якасці адукацыі, дабіваецца высокіх вынікаў у конкурсах, алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях. Па выніках 2016 года Наваельнянская сярэдняя школа ўзнагароджана дыпломам першай ступені ў раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы ўстановаў адукацыі.

Навучэнцы, якія ў дзень юбілею сталі і вядучымі, і самадзейнымі артыстамі, і нават акцёрамі і рэжысёрамі, прапанавалі гледачам правесці свята ў форме скетч-шоу — шасці кадраў пра жыццё школы.

У кадры першым "Як гэта было?" узгадалі мінулае, у тым ліку прозвішча выдатніка народней адукацыі БССР, стваральніка духавога аркестра пасёлка Наваельня У. Тулейкі.

Запрасілі на сцэну былога дырэктара, a цяпep старшыню раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскага. Ён асабіста і ад імя старшыні райвыканкама А. Дубовіка павіншаваў калектыў, ветэранаў працы, навучэнцаў школы з юбілеем, падзякаваў за поспехі, пажадаў далейшых перамогаў і ўручыў узнагароды. Падзячнымі пісьмамі адзначаны кіраўнік народнага музея "Дзеці ліхалецця" Т. Крывеня, сацыяльны педагог Т. Бялятка.

Да віншаванняў далучылася старшыня Наваельнянскага сельвыканкама I. Кунахавец, якая пачынала сваю працоўную дзейнасць у гэтай школе.

Кадр "Аб'ядноўвай і накіроўвай" нагадаў імёны дырэктараў і завучаў, іх справы на карысць установы. Калектыў і ветэраны працы прымалі чарговыя віншаванні ад намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Жадзейка і старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі С. Фабіішэўскага. Лепшыя педагогі школы былі адзначаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Гэта М. Лашкоўская, А. Варанец, Н. Карэйчанка, С. Навагран, Г. Савасцюк, Т. Умоўская.

Кадр "Ніхто не забыты. Нішто не забыта" нагадаў аб заслугах настаўнікаў і іх вучняў на працягу 50 гадоў. Ушанавалі хвілінай маўчання педагогаў, якіх ужо няма побач.

Чацвёрты кадр быў прысвечаны выпускнікам. Цёплыя, шчырыя словы і пажаданні на адрас педагогаў і ветэранаў працы выказала выпускніца ўстановы, дачка аднаго з колішніх дырэктараў Таццяна Яўгенаўна Лазовік.

"Навучаючы іншых, вы вучыцеся самі" — пяты кадр святочнага скетч-шоу. 3 дапамогай відэаролікаў навучэнцы пазнаёмілі гасцей з буднямі і святамі ўстановы, крыху пажартавалі.

"Храмам навукі" школу назваў праваслаўны святар Валерый Мануйла, які шмат гадоў супрацоўнічае з настаўнікамі. Айцец Валерый зазначыў, што, навучаючы дзяцей, педагогі выконваюць Божы запавет: "Будзьце дасканалыя, як я дасканалы ёсць".

Віншаванні і падарункі для калектыву школы падрыхтавалі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.

Апошні кадр "Крыніца ўсяго. Пачатак усіх пачаткаў" быў прысвечаны дзецям. Яны падарылі сваім настаўнікам відэавіншаванні, песні, шчырыя словы падзякі.

Юбілей прадоўжыла экскур-сія ў школьны народны музей "Дзеці ліхалецця".

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/