Нам гады не бяда і прыгоды у радасць: Маленькае падарожжа клуба "Нам гады не бяда" у Навагрудскі раён



Лета - добрая пара для новых адкрыццяў, уражанняў і цікавых прыгодаў. Так лічаць не толькі дзеці, у якіх канікулы, але і дарослыя, якія ўжо на заслужаным адпачынку. Прыклад гэтаму - клуб "Нам гады не бяда" Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Наведвальніцы клуба адправіліся ў Навагрудак у невялікае падарожжа.

Наведалі музей яўрэйскага супраціўлення. Жанчыны ўбачылі скульптурную кампазіцыю, якая прысвечана загінуламу яўрэйскаму дзіцяці. Гэта фігура дзяўчынкі ў касцюме анёла, а побач - дрэва жыцця з адсечанымі галінамі.

Краязнаўца і заснавальніца музея Тамара Вяршыцкая, сустракаючы дзятлаўчанак, сказала, што яны аказаліся ў патрэбны час у патрэбным месцы, і гэтым заінтрыгавала жанчын. У чым жа ім пашанцавала?

Высветлілася, што ў той жа дзень на экскурсію ў музей прыехала сям'я Сендароўскіх з lepyсаліма, а калісьці жылі ў Дзятлаве. Атрымліваецца, нечакана сустрэліся землякі. Дэвід, адзін з членаў сям'і, вывучае свае сямейныя карані, на яўрэйскіх могілках знайшоў магілы сваіх продкаў.

Знаёмства дзятлаўчанак з сям'ёй Сендфоўскіх прайшло душэўна і запамінальна. Наведвальніцы клуба "Нам гады не бяда" расказалі пра сябе, пра сваю актыўную і творчую дзейнасць. А потым вырашылі прадэманстраваць свае таленты: экспромтам стварылі ледзь не канцэртную праграму, дзе і песні спявалі, і танцавалі. Замежнікі засталіся пад вялікім уражаннем.

Сям'ю Сендароўскіх гасцінныя жанчыны запрасілі на Дзятлаўшчыну. Яны абяцалі прыехаць у наступным годзе, а пакуль у клуба "Нам гады не бяда" ёсць час на падрыхтоўку да сустрэчы гасцей.

Наступным этапам экскурсіі стала аграсядзіба "Літоўка". Мясцовы аўтобусны прыпынак - сапраўдны твор мастацтва. 3 яго сцен глядзіць Лясны дух, які і палохае, і зачароўвае адначасова. Трапілі жанчыны ў Дом гноміка, дзе ўсе рэчы ў мініяцюрным памеры.

Пабывалі і ў доміку, дзе калісьці спыняўся Уладзімір Высоцкі са сваёй жонкай Марынай Уладзі.

У доме аграсядзібы і вакол яго шмат каваных рэчаў, у пакоях нямала пазалоты і старадаўніх рэчаў з дуба, ёсць старадаўні сервант з чырвонага дрэва, у якім на галоўным месцы - 120-гадовы зборнік твораў Адама Міцкевіча.

Уразіла дзятлаўчанак скульптура з глыбокім сэнсам: чалавек, які трымае ў далоні зямны шар, а велізарная жаба душыць яго за горла. Такая вось інтэрпрэтацыя фразеалагізма "жаба душыць".

На зваротным шляху з Навагрудка наведвальніцы клуба "Нам гады не бяда" патрапілі ў месца расстрэлу гітлераўцамі 11 сясцёр назарэтанак. Іх расстралялі 1 жніўня 1943 года. Так супала, што менавіта 1 жніўня, у дзень памяці загінулых сёстраў, дзятлаўчанкі наведалі магілу і памаліліся за дзяўчынак.

На гэтым маленькія падарожжы наведвальніц клуба "Нам гады не бяда" не скончыліся, у жанчын яшчэ шмат энтузіязму і энергіі для новых паездак, культурнага і актыўнага адпачынку.

Юлія БАКУНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/