НАГАРОДАВІЧЫ. РАДЗІМА ВІКЕНЦІЯ ДМАХОЎСКАГА



За 16 кіламетраў ад раённага цэнтра размешчана вёска Нагародавічы. У мінулым гэта сяло Пацаўскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерніі. Нагародавічы — гэта яшчэ і мястэчка, дзе нарадзіўся Вікенцій Ігнатавіч Дмахоўскі, вядомы мастак 19 стагоддзя. На працягу ўсяго жыцця ён ніколі не забываўся пра сваю малую радзіму, часта наведваўся ў Нагародавічьі. Прыгажосць гэтых мясцін адлюстравана на адной з яго работ, якая так і называецца — "Радзіма". Другая назва карціны — "Двор у Нагародавічах".

3 таго часу мінула шмат гадоў, змянілася не адно пакаленне людзей, якія раслі і выхоўваліся ў гэтым утульным мястэчку Дзятлаўшчыны. Яно і цяпер вабіць сваей прыгажосцю. Складальнікамі яе з'яўляюцца лес, які размясціўся побач з вёскай, рака Дзятлаўчанка, дзе ў вольны час можна парыбачыць, спевы птушак. Ну, і вядома, багаццем Нагародавічаў, як і любога другога населенага пункта, з'яўляюцца людзі. Іх жыццёвыя гісторыі і складаюць летапіс вёскі.

Сёння ў Нагародавічах жыве больш за 80 чалавек. Гэта карэнныя жыхары гэтых мясцінаў, а таксама тыя, хто набыў у вёсцы дачы. 3 кожным годам іх колькасць расце. Адным з фактараў, які спрыяе гэтаму, з'яўляецца тое, што да кожнай хаты ў вёсцы падведзены газ.

У свой час хату пад дачу ў Нагародавічах набыла і Таццяна Уладзіміраўна Латушынская разам з мужам. Цяпер жанчына з'яўляецца ўжо пастаяннай жыхаркай гэтых мясцінаў. Яна яшчэ і стараста Нагародавічаў.

— Мясціны ў нас цудоўныя, — расказвае пра вёску Таццяна Уладзіміраўна. — Лес, які побач з населеным пунктам, багаты на грыбы і ягады. Водзіцца шмат жывёлаў і птушак. У рэчцы — рыба.

Зручнасць для вяскоўцаў стварае і наяўнасць магазіна, які цяпер размешчаны ў цэнтры Нагародавічаў. Працуе ў ім Алена Мікалаеўна Барабан — прадавец з саракагадовым стажам працы.

Асартымент тавараў у магазіне шырокі, можна набыць усё, што неабходна. Працуе магазін праз дзень.

Архітэктурнай і духоўнай адметнасцю Нагародавічаў з'яўляецца царква ў гонар Мікалая Угодніка. Пабудавана яна ў другой палове 19 стагоддзя ў выглядзе карабля. У гады "хрушчоўскіх ганенняў" на рэлігію царква была закрыта. Пачала дзейнічаць яна зноў на пачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя.

Цяперашнім настаяцелем храма з'яўляецца айцец Іаан Яровіч. А на пачатку 30-ых гадоў у Нагародавіцкай царкве служыў святаром айцец Анатоль Сярпоў. Яго ўзгадвае ў час размовы Марыя Мікалаеўна Чашуйка — на сёння самая старэйшая жыхарка вёскі Нагародавічы. Ей ужо 92 гады. Жыве жанчына адна. Даглядае яе сацыяльны работнік з Гезгалаў, якую бабуля Марыя пяшчотна завае "мая Марыйка".

Усё працоўнае жыццё Марыі Мікалаеўны Чашуйка было звязана з калгасам, дзе яна працавала даяркай, а пасля і цялятніцай. Добрасумленнае стаўленне да сваіх абавязкаў дазволіла стаць Марыі к Мікалаеўне адной з лепшых калгасных працаўніц. Неаднаразова яна адзначалася граматамі. Ёсць сярод узнагародаў і значок "Ударнік камуністычнай працы". Некалькі гадоў Марыя Мікалаеўна з'яўлялася дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў.

Усё гэта засталося ў мінулым. Цяперашняе жыццё бабулі Марыі ідзе няспешна і размерана. Яна любіць пачытаць газеты, глядзіць тэлевізар. А ў час нашага візіту жанчына чытала малітвы. Нягледзячы на такі паважаны ўзрост, чытаё яна без акуляраў.

У час размовы Марыя Мікалаеўна ўзгадала і свае дзіцячыя гады, калі яна хадзіла ў пачатковую школу, а таксама дапамагала бацькам па гаспадарцы. Быў час, калі бацька Марыі Мікалаеўны -— Мікалай Сцяпанавіч ездзіў на заробкі ў Амерыку, там працаваў на двух работах.

Вярнуўшыся на радзіму, на заробленыя грошы купіў вялікі надзел зямлі, карову і двух коней, неабходны сельскагаспадарчы інвентар.

Старонкі свайго жыцця ў час сустрэчы перагарнула і Ніна Макараўна Емяльянчык. Яна нарадзілася ў Нагародавічах у 1935 годзе, за шэсць гадоў да пачатку вайны. Адукацыю Ніна Макараўна атрымлівала ў школе ў Нагародавічах.

Працоўнае жыццё Ніны Макараўны прайшло ў калгace, у паляводстве. Неаднаразова жанчына ўзнагароджвалася граматамі, падарункамі за сваю і старанную працу.

У дадатак трэба сказаць, што ў свой час Ніна Макараўна ўмела выдатна шыць. А яшчэ яна выпякала смачныя булачкі. На вяселле старэйшай сястры спякла каравай.

— Такі вялікі атрымаўся, што ледзь з печы выняла, — жартуе Ніна Макараўна.

Хлебапякарную справу яна пераняла ад сваей мамы.

— Увогуле,— гаворыць Ніна Макараўна, — кожная жанчына ў тыя гады умела пячы хлеб, які атрымліваўся смачным і духмяным, зусім не падобным на той, які прадавалі ў магазінах. Ды і дзеля таго, каб яго купіць, неабходна было выстаяць вялікую чаргу, — узгадвае жанчына. — Хадзіць у магазін прыходзілася далека — у Дзятлава або ў Бярозаўку.

—Сённяшняе жыццё Нагародавічаў, — працягвае Ніна Макараўна, — зусім не падобнае на мінулае. Быў час, калі ў вёсцы працаваў ФАП, клуб, быў пункт бытавога абслугоўвання. Цяпер усяго гэтага няма.

У вёсцы засталіся пераважна састарэлыя людзі. Ёсць пяць маладых сем'яў. Жыве ў вёсцы і ветэран Вялікай Айчыннай вайны — Арсень Канстанцінавіч Каско. Аб гадах вайны вяскоўцам нагадвае помнік землякам, якія загінулі ў гады ліхалецця.

Варта ўзгадаць і тое, што быў час, калі Нагародавічы з'яўляліся цэнтрам калгаса імя Кірава. У ім працавалі мясцовыя жыхары. Сярод іх і Ганна Іосіфаўна Нашуцінская. Аднавяскоўцы ведаюць яе як чалавека творчага: жанчына неаднаразова выступала на сцэне, умела адметна чытаць байкі і гумарэскі.

Не раз сваім майстэрствам жанчына радавала аднавяскоўцаў у час святаў вёскі, якія праходзілі ў Нагародавічах. У час мерапрыемства па традыцыі вяскоўцы збіраюцца разам, узгадваюць мінулае сваёй роднай вёскі, тых, каго ўжо няма побач, слухаюць песні, якія нагадваюць ім пра гады маладосці і юнацтва, якія прайшлі ў гэтых мясцінах. Прыгожых і багатых на цікавую гісторыю.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/