На спартыўнай хвалі



У рамках фестывалю сямейнага адпачынку "Зецельскі фэст" на стадыёне "Колас" у Дзятлаве адбыўся шэраг спартыўных мерапрыемстваў. Праграма прапаноўвала аматарам спорту разнастайныя спаборніцтвы, спартыўныя конкурсы, эстафеты.

На пачатку мерапрыемствау гасцей, балельшчыкаў і ўдзельнікаў свята павітаў галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда. Права ўзняць сцяг атрымалі мінулагоднія прызёры - сям'я Кацярыны і Аляксея Петрыкевіч.

Першай на старт паклікала спартландыя "Тата, мама, я - спартыўная сям'я". Удзельнікамі сталі сем'і, якія прадстаўлялі калектывы фізічнай культуры прадпрыемстваў, КСУПаў і ўстановаў адукацыі. Сярод спартыуных спаборніцтваў: бег з дзецьмі на руках, чаўночны бег, фігурная язда на веласіпедзе, закідванне баскетбольнага мяча ў абруч, турыстычная камбінаваная эстафета. Разнастайныя этапы змаганняў стварылі на спартыўных пляцоўках сяброўскую атмасферу. Па выніках спаборніцтваў пераможцай стала сям'я Кастусік, якая змагалася за гонар Дварэцкай сярэдняй школы. Другое месца атрымала сям'я Альховік, якая прадстаўляла Казлоўшчынскую сярэднюю школу, трэцяе месца - у сям'і Сямёнавых, якая выступала за Вензавецкі дзіцячы сад-сярэднюю школу.

Пасля сямейных спаборніцтваў стартаваў велапрабег "VIVA РОВАР-2018". Урачыстае адкрыццё адбылося на плошчы 17 Верасня. Узначаліў калону старшыня Дзятлаўскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Андрэй Сатараў. У спартыўным мерапрыемстве ўдзельнічалі дарослыя і дзеці. Разам яны праехалі па вуліцах горада.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/