На лыжы станавіся!



Сёлетняя зіма расшчодрылася на снег і маразы. Дзякуючы спрыяльнаму надвор'ю у нашым раёне адбылася знакавая спартыўная падзея -"Дзятлаўская лыжня-2021". У забегах прынялі ўдзел каманды з 41 арганізацыі раёна.
Лыжнікі паказалі не толькі спартыўную падрыхтоўку, але і ўзаемную выручку, пазітыўны настрой. За іх актыўна "хварэлі" групы падтрымкі.

Мерапрыемства адкрыў галоўны спецыяліст райвыканкама Дзмітрый Ёда, які адрапартаваў аб зборы каманд.
- Сёння ў нас праходзіць вясёлае свята, - звярнуўся да каманд Дзмітрый Ёда. - Чаму вясёлае? Бо навыкі хадзьбы на лыжах у многіх прысутных не ідэальныя, аднак не гэта галоўнае. Галоўнае - атрымаць зарад станоўчых эмоцый. Менавіта па такіх сустрэчах можна меркаваць аб зладжанасці працоўных калектываў, якія разам упэўнена ідуць да пастаўленых мэтаў.

Удзельнікаў спартыўнага свята "Дзятлаўская лыжня-2021" павітаў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ігар Кухарэвіч:
- Сённяшнія спаборніцтвы праходзяць у рамках рэспубліканскага мерапрыемства "Беларуская лыжня-2021", - зазначыў Ігар Станіслававіч. - Яны сабралі на адной пляцоўцы нашых землякоў, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця. Сваім прыкладам вы пакажаце работнікам іншых калектываў, як варта бавіць вольны час, тым болыи, што сёлетняе надвор'е спрыяе актыўнаму адпачынку і заняткам зімовымі відамі спорту. Жадаю вам удалых стартаў і лёгкага фінішу, і абавязкова - бадзёрасці духу.

Права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і ўрачыста адкрыць спаборніцтвы "Дзятлаўская лыжня-2021" было прадастаўлена актыўнаму ўдзельніку спартыўнага руху Дзятлаўшчыны, настаўніку Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Сяргею Карнэліку.

Пасля ўрачыстага адкрыцця каманды рушылі на старт эстафетнай гонкі.
Кожная з каманд праходзіла дыстанцыю на чатырох этапах - два кіламетровыя рубяжы пераадольвалі мужчыны, адзін - жанчыны, фінішыравалі кіраўнікі арганізацый. Трэба адзначыць, што некаторыя з іх па-майстэрску прайшлі дыстанцыю.

Пасля фінішу ўдзельнікі забегаў дзяліліся эмоцыямі, віншавалі дзятлаўчан са святам.

- Добрае надвор'е, выдатны настрой, камфортная траса і бадзёрая музыка - сёння тут ёсць усё для сапраўднага спартыўнага свята, - адзначыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак. - Шчыра віншую ўсіх удзельнікаў "Дзятлаўскай лыжні"!

Пасля завяршэння камандных этапаў на старт выйшлі аматары лыжнага бегу. Яны пераадольвалі дыстанцыю без фіксацыі часу. Заключныя этапы "Дзятлаўскай лыжні" былі за прафесіяналамі, стартавалі асобна мужчыны і жанчыны. У індывідуальных забегах паўдзельнічалі 25 спартсменаў.

Удзельнікі свята маглі сагрэцца гарачым чаем, якім частавалі валанцёры Чырвонага Крыжа.

Па выніках лыжных эстафетных гонак прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам.

Сярод каманд прадпрыемстваў, арганізацый і ўстановаў Дзятлаўскага раёна (акрамя ўстановаў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі):
1 месца - Дзятлаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях;
2 месца - Дзятлаўскі лясгас;
3 месца - Дзятлаўская цэн-тральная раённая бальніца.

Сярод каманд дашкольных навучальных установаў Дзятлаўскага раёна:
1 месца - Новаяльнянскі яслі-сад;
2 месца - дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава;
3 месца - яслі-сад № 1 горада Дзятлава.

Сярод каманд установаў агульнай сярэдняй адукацыі Дзятлаўскага раёна:
1 месца - гімназія № 1 горада Дзятлава;
2 месца - Раклевіцкі дзіцячы сад-базавая школа;
3 месца - сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава.

Сярод каманд сельгасарганізацый Дзятлаўскага раёна:
1 месца - КСУП "Дварэц- Агра";
2 месца - КСУП "Войневічы";
3 месца - КСУП "Жукоўшчына".

Абсалютным пераможцам індывідуальнага лыжнага забегу сярод мужчын стаў Пётр Свораб (санаторый "Альфа Радон"), сярод жанчын - Вольга Васіленка (Дзятлаўскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб).

Кожны з удзельнікаў "Дзятлаўскай лыжні" атрымаў сваю перамогу - зарад здароўя і пазітыву.

Наталля АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/