М.Юркевіч: "Каммунальнікі заўжды на вахце"



Прафесійнае свята работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі - нагода ўзважыць здабыткі працы і ўзнагародзіць лепшых работнікаў. Сёлета ў ліку перадавікоў, адзначаных дзяржаўнымі ўзнагародамі, машыніст экскаватара участка транспарту Дзятлаўскага РУП ЖКГ Мікалай Юркевіч. За шматгадовую пленную працу ён удастоены Ганаровай граматы Упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскага аблвыканкама.

Сам Мікалай Юркевіч пра адзнакі і ўзнагароды гаварыць не любіць, а вось аб працы расказвае ахвотна. Сучасным камунальнікам бесклапотна сядзець не выпадае, а сам машыніст заняты адразу на двух участках працы: сумяшчае абавязкі экскаватаршчыка і машыніста пагрузчыка.

Мікалай Мікалаевіч за рулём спецтэхнікі — больш за тры дзесяцігоддзі. Ураджэнец мясцовых Белякоў, ён вучыўся механізатарскай справе ў колішнім прафтэхвучылішчы №119 у Казлоўшчыне ў пачатку 80-х гадоў. Затым доўгі час працаваў у калгасе "Русь-Агра", а дзесяць гадоў таму змяніў сельскагаспадарчую справу на камунальную.

— Дзе вам лепш працуецца — у аграрыях ці камунальніках? — пытаюся ў суразмоўцы.
— Праца — яна паўсюль нялёгкая, напружаная і ўсюды важная. У калгасе трэба было паспець падрыхтаваць Глебу, каб работы ў полі прайшлі своечасова, каб вырасціць добры ўраджай. А камунальнікі — яны заўжды на вахце.

— I ў выхадныя працуеце?
— Нягледзячы на тое, што ў мяне, як і многіх камунальных работнікаў, працоўны тыдзень пяцідзённы, бываюць тэрміновыя клопаты, тады нас выклікаюць на службу і ўвечары, і ноччу, і ў выхадныя. Калі, напрыклад, здараецца аварыя, яе трэба як мага хутчэй ліквідаваць.

У жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна працуюць два экскаватары, больш новы і дужэйшы МТЗ-82 - у Мікалая Юркевіча, таму і нагрузка адпаведная. У час падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона — гэта планавая замена цеплатрасаў, у міжсезонне —
экстраныя рамонты. Усе камунальныя камунікацыі пракладзены ў зямлі, таму тут без экскаватара — анікуды. Толькі сёлета Мікалай Мікалаевіч паспеў папрацаваць у Дзятлаве, Гезгалах, Лапушне.

Акрамя экскаватара, Мікалай Юркевіч працуе на пагрузчыку "Амкадор". Кажа, што ўжо прызвычаіўся перасаджвацца з кабіны адной тэхнікі ў другую некалькі разоў на дзень. Пакуль доўжыцца ацяп-ляльны сезон, пагрузчык пераважна заняты на адгрузцы пілавіння — паліва з мясцовай драўніны, на якім сёння часткова працуюць кацельні ў Дзятлаве, Наваельні, Гезгалах і Казлоўшчыне.
Яшчэ адзін з відаў дзейнасці камунальнікаў, у якім заняты таксама і экскаватар, — навядзенне парадку на зямлі. Мы, мітуслівыя і ўвесь час заклапочаныя гараджане, на жаль, не заўсёды заўважаем, як прыгажэе наш горад. А варта калі-нікалі спыніцца, агледзецца і сказаць "Дзякуй" работнікам камунальнай гаспадаркі. Плен іх працы — не толькі чыстыя вуліцы, але і дагледжаныя ўзбочыны гарадскіх дарог, пракладзеныя каналы, ліўнёўкі.

За свой немалы працоўны стаж Мікалай Юркевіч, па яго словах, не стаміўся ад працы за рулём. Усведамляць, што працуе для людзей, і бачыць вынік працы — лепшая для яго ўзнагарода.

Дзень камунальнай гаспадаркі Мікалай Мікалаевіч традыцыйна адзначае дома, з сям'ёй. Звычайна з гэтай нагоды завітаюць у госці дзеці, унукі. Самае галоўнае пажадачне, якое машыніст адрасуе сваім калегам і ўсім працаўнікам камунальнай гаспадаркі, — моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Усё астатняе, па яго словах, у руках саміх людзей.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/