Мы на АНТ



Я летуценнік. Даўно марыў пабываць у студыі, дзе праходзяць здымкі тэлевізійных праграм. Чаму менавіта там? Спрабую сам крыху займацца відэаздымкай, агучваннем ролікаў. Вельмі хочацца паглядзець, як гэта робяць сапраўдныя майстры сваей справы: рэжысёры, аператары, вядучыя, гукарэжысёры. Якія ў іх камеры? Якое відэа-і святлоабсталяванне? I вось падарожжа ў Мінск: разам са сваімі аднакласнікамі я на канале АНТ.

Мы ў новенькай студыі навінаў. Знаёмімся з гісторыяй развіцця канала, вядучымі праграмы "Нашы навіны", якія паведамляюць, што роўна за дваццаць хвілін яны заходзяць у студыю. Гукарэжысёр прымацоўвае да іх адзення гукавы манітор, мікрафон і працягвае навушнік, праз які яны могуць чуць усё, пра што гавораць у другім пакоі, — менавіта там сочаць за тым, каб відэа своечасова пайшло ў эфір, бачаць на экране, на якую з камер трэба павярнуцца вядучаму.

Наталля Немагай падрабязна расказала аб працоўным дні тэлевядучага і якімі якасцямі ён павінен валодаць, што неабходна рабіць, каб стаць спецыялістам у гэтай галіне. Спартыўны каментатар Сяргей Собаль расказаў аб тым, як ён стаў вядучым спартыўных навін на канале, і прачытаў рэп пра наша Дзятлава. А яшчэ з вялікім задавальненнем прызнаўся, што самыя прыгожыя дзяўчаты - на Дзятлаўшчыне. А доказ таму - яго жонка з Наваельні.

Мы пасядзелі ў крэслах вядучых і паспрабавалі чытаць з суфлёра на камеру. Назіралі за тым, як рыхтуюцца да чарговага эфіру: наладжваюць гук і камеры. Галоўная роля — у вялікай і дружнай каманды, якая сядзіць у суседнім пакоі і сочыць за тым, каб своечасова ўключыліся мікрафон і камеры, не прапаўтэкст з суфлёра. Насупраць іх мноства манітораў, на якіх бачны кадры з навінаў і ракурсы розных камер. Мне вельмі спадабалася відэа- і святлоабсталяванне. Я доўга разглядаў камеры.

Мы пабывалі на працоўных месцах журналістаў канала і даведаліся, як праходзіць іх працоўны дзень. Не прамінулі і радыёстанцыю 101.7. Цікавай і вясёлай была там размова з вядучай прамога эфіру Ганнай.

Вельмі ўразілі нас тэхнічныя пабудовы і магчымасці тэлецэнтра для перасоўных трансляцый. А супрацоўнікі тэлецэнтра расказалі пра сваю працу і пра тое, дзе можна атрымаць прафесіі для работы на тэлебачанні. Шмат фатаграфаваліся з журналістамі і вядучымі канала АНТ. Мара здзейснілася. Экскурсія аказалася цікавай, крэатыўнай. Мора пазітыўных эмоцый!

Дзмітрый ПАЛУХІН, навучэнец СШ №3 г. Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/