"Музыка нашых сэрцаў"



Дабрачынны міжнародны фестываль пад такой назвай для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ладзіла сацыяльна-дабрачынная ўстанова "Дарогаю дабрыні". Установа скіравана на сацыялізацыю і інтэграцыю маладых інвалідаў у грамадства, развіццё іх творчых здольнасцяў, аказвае прававую і псіхалагічную падтрымку сем'ям, дзе жывуць людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

Гаспадарамі пляцоўкі міжнароднага фестывалю "Музыка нашых сэрцаў" другі год запар з'яўляюцца Рычард і Яніна Казюкі — уладальнікі фальварка "У Рыся", дзе і ладзіцца мерапрыемства. Фальварак знаходзіцца ў вёсцы Карэвічы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці і на працягу года прымае аматараў аграэкатурызму. Таксама тут праходзяць дабрачынныя мерапрыемствы. Сёлета ў час фестывалю аграсядзібу наведалі не толькі беларусы, a і госці з суседніх краінаў — Польшы, Украіны, Літвы.

Наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык" Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і іх бацькоў на міжнародны фестываль "Музыка нашых сэрцаў" на бясплатнай аснове запрасіла Яніна Казюк. Адзінае, на што давялося сабраць грошы, — транспартныя расходы.

У склад дэлегацыі, якая прадстаўляла Дзятлаўшчыну на мерапрыемстве, увайшлі 28 чалавек. Хатнім заданием для іх было падрыхтаваць 4 нумары мастацкай самадзейнасці для выступления на сцэне.

У Карэвічах нашых землякоў гасцінна сустрэлі гаспадары і работнікі фальварка "У Рыся" ў нацыянальных строях і вяночках з палявых кветак, гучалі нацыянальныя музычныя інструменты. Ля варот аграсядзібы стаялі імправізаваныя вартаўнікі — лучнікі і рыцары клуба "Арэдан", сфатаграфавацца з якімі маглі ўсе жадаючыя. На падворку таксама панавала атмасфера даўніны: свае вырабы прадстаўлялі майстры і рамеснікі, госці маглі паўдзельнічаць у майстар-класах і сваімі рукамі, напрыклад, выляпіць гліняныя збанкі.

Пасля знаёмства з аграсядзібай і абеда, удзельнікаў фестывалю чакала сцэна. Цікава было пабачыць нумары мастацкай самадзейнасці, якія падрыхтавалі іншыя аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, таварыствы інвалідаў.

Сярод нумароў, якія вынеслі на суд гледачоў нашы землякі, прысутным найбольш спадабалася песня Віталя Крэйдзіча "Музыка" ў суправаджэнні альта. Многія слухачы не змаглі стрымаць слёз. Напрыканцы выступлення ўсе ўдзельнікі дабрачыннага фестывалю і творчыя калектывы атрымалі дыпломы ўдзельнікаў.

Пасля людзей з абмежаванымі магчымасцямі на сцэну выйшлі вакальныя групы і народныя ансамблі, якія прыехалі на мерапрыемства з розных рэгіёнаў Беларусі. 3 сольным канцэртам выступіла беларуская спявачка Ірына Дарафеева.

Калі сцямнела, гасцям фальварка прадставілі відовішчнае фаер-шоу. Скончыўся фестываль святочным феерверкам.

Развітваючыся з наведвальнікамі, Рычард і Яніна Казюкі запрасілі іх прыязжаць у аграсядзібу наступным летам, бо Дабрачынны міжнародны фестываль "Музыка нашых сэрцаў" павінен стаць традыцыйным.

Кіраўніцтва і наведвальнікі аддзялення "Праменьчык" шчыра ўдзячныя бацькам за падтрымку і грошы, выдзеленыя на дарогу, а вадзіцелям мікрааўтобусаў службы "Таксі 107" — за цярпенне і ўважлівыя адносіны да пасажыраў.

В. САЛАМЕВІЧ загадчыца аддзялення "Праменьчык" Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/