МОЛАДЗЬ. КУЛЬТУРА. АДУКАЦЫЯ



У рамках занальнай суботы і дзейнасці хобі-цэнтра "Вектар" Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава арганізаваў і правёў сацыяльна творчую акцыю "Моладзь. Культура. Адукацыя", прымеркаваную да Года навукі ў Беларусі.
Асноўнай мэтай мерапрыемства было даказаць, што моладзь, якая чытае, — модная і сучасная.

Удзел у акцыі прынялі навучэнцы 11 установаў адукацыі раёна. Яны паўдзельнічалі ў конкурсе-прэзентацыі "Буккросінг", які праходзіў пад дэвізам "Прачытаў? Зацікавіўся? Парай іншаму". Групы навучэнцаў творча прадставілі свае любімыя літаратурныя творы, а дапамагалі ім бібліятэкары школ раёна.

Усе падрыхтавалі арыгінальныя выступленні, аднак лепшымі журы назвала творчыя групы Наваельнянскай і Гезгалаўскай сярэдніх школ, другое месца занялі навучэнцы Круцілавіцкага і Вензавецкага дзіцячых садоў-сярэдніх школ, замкнулі тройку лідараў творчыя групы гімназіі № 1 горада Дзятлава і Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

Другім этапам акцыі стаў майстар-клас "Ствараем бук-трэйлер самі", які правяла загадчыца мастацкага аддзела Цэнтра Алена Сяргееўна Сямёнава. Напрыканцы майстар-класа ўдзельнікі змаглі распрацаваць і прарэкламаваць сцэнарый да аўтарскага бук-трэйлера, літаратурнай асновай якога была аповесць А. Гайдара "Цімур і яго каманда".

Заключным этапам акцыі "Моладзь. Культура. Адукацыя" стала камандная гульня-пошук "Гуляем квэст у бібліятэцы". У час гульні яе ўдзельнікі даведаліся шмат новых і цікавых фактаў з творчай біяграфіі пісьменнікаў — нашых землякоў. Партнёрамі ў правядзенні гульні былі Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей, цэнтральная раённая бібліятэка, рэдакцыя газеты "Перамога", гімназія №1 горада Дзятлава.

Спаборнічалі каманды "Зялёных", "Аранжавых", "Жоўтых", "Чырвоных", якіх суправаджалі па маршруце педагогі. Усе каманды былі амаль на роўных, аднак першымі з заданнямі справіліся і перамаглі ў гульні "Жоўтыя".

Па меркаванні навучэнцаў, заняткі ў хобі-цэнтры атрымаліся цікавыя і пазнавальныя, а самым захапляльным этапам сустрэчы стаў квэст.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/