МОЛАДА - НЕ ЗЕЛЕНА



Сельгасвытворчы кааператыў "Хвінявічы" ганарыцца сёння адным са сваіх маладых спецыялістаў. Як кажа старшыня гаспадаркі Мікалай Бубноўскі, галоўны інжынер Юрый Маслоўскі — гэта молада, але не зелена, такога чалавека можна рыхтаваць сабе на змену. За два гады хлопец праявіў сябе адказным, ініцыятыўным спецыялістам. На ім цяпер "трымаецца ўвесь аўтапарк і механічная майстэрня кааператыву, у падпарадкаванні - амаль 100 чалавек. Пра жыццёвы выбар, станаўленне ў прафесіі і планы на будучыню малады чалавек расказаў карэспандэнту газеты "Перамога".

— Сам я родам з Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Адвучыўшыся ў Жыровіцкім тэхнікуме на механіка, прыехаў па размеркаванні на Дзятлаўшчыну. Адпрацаваў паўгода на пасадзе інжынера па забеспячэнні, і прызвалі ў войска. Увесь тэрмін адслужыў у Мінску, у войсках МУС, а дэмабілізаваўшыся, вярнуўся працаваць у гаспадарку.

— Як спатрэбілася на практыцы адукацыя, атрыманая ў тэхнікуме?
— Жыровіцкі каледж даў вельмі добрую пачатковую базу. Аднак кожны дзень рэальнай працы ў гаспадарцы дадае вопыту і новых практычных ведаў. За апошнія два гады мае веды, атрыманыя ў час вучобы, пашырыліся працэнтаў на 100. Цяпер, калі атрымліваю спецыяльнасць інжынера па тэхнічных працэсах у сельскай гаспадарцы ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце і ведаю ўсё гэта на практыцы, мне нашмат прасцей разумець вучэбны курс.

— Тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні ўжо даўно мінуў. Ці з 'яўлялася жаданне змяніць месца працы?
— Магчымасцяў гэта зрабіць насамрэч было шмат. Пакуль быў на вытворчай практыцы, папрацаваў у розных гаспадарках вобласці. Ды і па заканчэнні службы было ажно 11 выклікаў на службу па кантракце ў розныя роды войскаў. Але для сябе вырашыў, што прадоўжу працаваць у сельскай гаспадарцы, у СВК "Хвінявічы".

— Адкуль такая прыхільнасць да гэтай справы?
— 3 сельскай гаспадаркай я знаёмы з самага дзяцінства. Гэта галіна мне звыклая. Уся мая сям'я на малой радзіме працуе ў мясцовай гаспадарцы: малодшы брат працаваў галоўным аграномам, цяпер служыць у войску, тэта працуе галоўным заатэхнікам.

— Як падначаленыя ўспрымаюць мала дог а кіраўніка?
— Напачатку крыху скептычна ставіліся да мяне: маўляў, не справіцца. Аднак былі людзі, якія вельмі мне дапамаглі асвоіцца на пасадзе галоўнага інжынера, зразумець, што ад мяне патрабуецца, і якасна спраўляцца са сваімі абавязкамі. Словы падзякі за добрую навуку хачу выказаць свайму галоўнаму настаўніку ў гаспадарцы Аляксандру Андрэевічу Барысенку, які працаваў тут раней галоўным інжынерам.

— Ці вялікая гаспадарка ў галоўнага інжынера? Як спраўляецеся з абавязкамі?
— Машынна-трактарны парк гаспадаркі налічвае каля 60 адзінак самаходнай перасоўнай тэхнікі і прыкладна столькі ж — прычапной. У гарачую сельскагаспадарчую пару ў поле выходзяць больш за 50 машын. Як і ў любой працы, ёсць дні больш напружаныя, ёсць больш лёгкія. Стараюся спраўляцца.

— Чаго больш у справах галоўнага інжынера — тэхнічнай, кіруючай працы ці папяровай?
— Найбольш тэхнічнай і кіруючай працы. Трэба ўнікаць у работу транспарту ў гаспадарцы, вызначаць аб'ём работы для спецыялістаў і рабочых. Разам з тым, трэба пастаянна падтрымліваць у належным стане тэхніку і рыхтаваць яе да сезонных работ. Летась мехмайстэрня СВК "Хвінявічы" стала другой у раёне па падрыхтоўцы рамонтнай майстэрні да рамонту тэхнікі ў зімовых умовах і пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне. Было шмат зроблена па добраўпарадкаванні майстэрні, па выкананні дзяржстандартаў. Чакаем вынікаў сёлетняга спаборніцтва, спадзяюся, таксама будзем у лідарах.

— Што захапляе, акрамя працы, тэхнікі?
— Люблю займацца спортам. Сёлета на турыстычным злёце працуючай моладзі каманда СВК "Хвінявічы" заняла першае месца ў раёне, а затым — стала пераможцай у вобласці. Я ўдзельнічаў у сілавых відах спаборніцтваў — армрэслінгу, перацягванні каната.

— Што жадаеце ад будучыні, дзе яе бачыце?
— Хачу атрымаць вышэйшую адукацыю, падымаць планку вышэй, кар'ерна расці. А ў асабістым жыцці — вядома, стварыць сям'ю, пабудаваць дом і выгадаваць у ім сваіх будучых дзяцей. У бліжэйшай перспектыве бачу сябе ў СВК "Хвінявічы". Тут я пачынаў расці як спецыяліст і, спадзяюся, прадоўжу гэта рабіць. А пакінуць усё набытае і дзесьці зноў пачынаць з нуля — гэта не па мне.

Гутарыла Н. СТУПЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/