Мікалай Несцярэўскі: "Я яшчэ не ўсё зрабіў..."



У Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася ўрычыстая цырымонія прэзентацыі альбома "Я яшчэ не ўсё зрабіў..." Мікалая Несцярэўскага, на якой прысутнічаў ён сам. Мерапрыемства пачалося з радкоў верша ўласнага сачынення "Не Кандзінскі я і не Малевіч" Мікалая Лаўрэнцьевіча. У суправаджэнні музычнай кампазіцыі лірычныя словы гучалі асабліва пранікнёна.

Алена Абрамчык, супрацоўнік музея, узгадала жыццёвы шлях знакамітага мастака і скульптара, творчыя дасягненні. Вырабы мастака, што ўпрыгожваюць сёння будынкі ў Валгаградзе, Светлагорску, Салігорску, Мінску, Гродне, дэкаратыўныя фрагменты роспісу інтэр'ера станцыі метро "Плошча Якуба Коласа" дэманстраваліся ў мультымедыйным паказе.

Алена Рыгораўна расказапа, што Мікалай Лаўрэнцьевіч - майстар вялікага творчага дыяпазону. Ён упрыгожваў Рэзідэнцыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Гродзенскі тэатр лялек, зрабіў бронзавы барэльеф з выявай Сімона Балівара, які быў падораны кіраўніком нашай дзяржавы Прэзідэнту Баліварскай Рэспублікі Венесуэла Уга Чавесу ў час яго візіту ў Беларусь. Падзяліўся майстар талентам і з дзятлаўчанамі. У свой час мастак выконваў аздабленні для Дзятлаўскай гімназіі, дзіцячага аздараўленчага санаторыя "Ба-равічок". Яго работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Раўбіцкім музеі народнага мастацтва, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, у фондах Беларускага саюза мастакоў, у музеях за межамі Беларусі, у Дзятлаўскім музеі.

Майстра-творцу з нагоды выхаду альбома павіншавалі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васіль Шыцько, старшыня Дзятлаўскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Андрэй Сатараў і дырэктар ТАА "Ізакам" Аляксандр Шалесны, які быў спонсарам выдання. Шчырыя словы віншавання выказаў член Беларускага саюза мастакоў наш зямляк, мастак Вікенцій Ражко.

Настаяцель Сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай горада Дзятлава протаіерэй Мікалай Пінчук пажадаў, каб работы Мікалая Несцярэўскага натхнялі на добрыя ўчынкі і стваральную працу іншых людзей.
Музычны падарунак падрыхтавала Ала Чарняўская.

Напрыканцы сустрэчы прысутныя пазнаёміліся з выставай, пагутарылі з мастаком, набылі альбом, які змясціў на сваіх старонках экспанаты доўгага творчага шляху Мікалая Лаўрэнцьевіча.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/