МАЛЕНЬКІХ ПРАБЛЕМ НЕ БЫВАЕ



Чарговая аглядавая камісія прайшла ў Данілавіцкім сельскім Савеце. Як адзначыла кіраўнік камісіі, старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна
Жых, такія мерапрыемствы з'яўляюцца рэгулярнымі і маюць на мэце не пакараць людзей, а папярэдзіць па пытаннях пажарнай і асабістай бяспекі,
засцерагчы ад магчымай надзвычайнай сітуацыі.

У камісію ўвайшлі прадстаўнікі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, работнікі Данілавіцкага сельвыканкама, СВК "Граніт-Агра", аддзела па надзвычайных сітуацыях, работнікі Цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, электрычных сетак і газавай службы раёна, медыцынскі работнік.

У межах аглядавай камісіі працавалі тры групы. Адна з іх на чале са старшынёй Данілавіцкага сельвыканкама Ганнай Жых наведала вёску Касцюкі; група пад кіраўніцтвам намесніка старшыні СВК "Граніт-Агра" па ідэалагічнай рабоце Людмілы Мядзведзь паехала ў Ліжэйкі і Паўсаты. 3 трэцяй групай, якую ўзначаліла кіраўнік спраў Данілавіцкага сельвыканкама Галіна Дворык, у вёскі Лезнявічы і Чудоўшчыну накіравалася карэспандэнтка газеты "Перамога".

Надзённай мэтай аглядавай камісіі ў Данілавіцкім сельсавеце было наведаць кожны дом, праверыць стан электрычнай праводкі, пячнога ацяплення, бытавыя ўмовы жыцця людзей.

Трэба адзначыць, што для вяскоўцаў аглядавая камісія — з'ява не новая, таму сустракаюць інспектараў лаяльна і стараюцца выконваць рэкамендацыі своечасова. У вёсках, якія наведала камісія, пераважная большасць — пажылыя людзі, адзінокія грамадзяне або людзі, якія жывуць адзінока.

Большасць наведаных дамоў — дагледжаныя, з няхітрым вясковым парадкам, пячным ацяпленнем. У кожным доме — аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі або нават пажарныя апавяшчальнікі з вывадам сігнала на фасад будынка. Сельскія жыхары ведаюць, што элемент сілкавання да іх можна набыць у аўтамагазіне спажывецкай кааперацыі, які прыязджае рэгулярна. Праблемы ёсць, але усе яны вырашальныя — было б каму дапамагчы вяскоўцам з імі справіцца.

Па ходу правядзення камісіі ўдзельнікі групы падзяліліся сваімі меркаваннямі наконт сітуацыі ў наведаных Лезнявічах і Чудоўшчыне.

Галіна Дворык, кіраўнік спраў Данілавіцкага сельвыканкама:
— У вёсцы Лезнявічы 14 жылых дамоў, камісія наведала 8 з іх. Жыхары вёскі — пераважна людзі пенсійнага ўзросту. Акрамя таго, у населеным пункце жывуць дзве сям'і, якія выхоўваюць непаўнагадовых дзяцей, якія наведваюць Таркачоўскую школу. У ходзе камісіі парушэнняў, якія ўяўляюць пагрозу для жыцця людзей, зафіксавана не было. Выяўленыя недахопы павінны быць выпраўлены ў азначаны тэрмін.

Сяргей Серы, майстар участка Дзятлаўскага раёна электрычных сетак:
— Заўвагі, якія адносяцца да электрычнай бяспекі грамадзян, выяўленыя ў ходзе камісіі, не крытычныя, іх можна выправіць за кароткі тэрмін. У некаторых хатах неабходна замацаваць праводку, у іншых — устанавіць размеркавальную каробку або зрабіць ізаляцыю проваду згодна з нормамі. Адзначу, што ў вялікай колькасці домаўладанняў ранейшыя прадпісанні камісіі выкананы — унутраная праводка ў дамах заменена на новую.

Віктар Грыцук, старшы інспектар па дазваленчай рабоце аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, старшы лейтэнант міліцыі:
— Па лініі аховы правапарадку парушэнняў у вёсках, якія наведвала камісія, выяўлена не было. 3 мясцовымі жыхарамі былі праведзены прафілактыч-ныя гутаркі.

Наталля Ціхан, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:
— У час правядзення праверкі камісія высветліла, што ў вёсцы Чудоўшчына жыве грамадзянка, якая адносіцца да катэгорыі адзінокіх. Ёй неабходна планава памяняць або адрамантаваць аўтаномны пажарны апавяшчальнік з вывадам светлагукавога сігнала на фасад будынка, што і дапамогуць зрабіць раённыя службы. Другой жыхарцы вёскі, якая жыве адзінока, неабходна аказаць дапамогу на набыццё лекаў.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/