"Малая Алімпіяда" у Казлоўшчыне



У спартыўнай зале Казлоўшчынскай сярэдняй школы прайшла чарговая пасялковая спартакіяда "Здароўе", якая ў кулуарах атрымала назву "малых Алімпійскіх гульняў".

Пра значнасць мерапрыемства для пасёлка і ўвазе да яго з боку ўлады гаворыць тое, што арганізацыйны збор да спартакіяды адбываецца ў пасялковай мэрыі, непасрэдна ў кабінеце старшыні Казлоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта Вадзіма Аляксандравіча Бяляткі. Там да моманту прыняцця палажэння аб спартакіядзе і яе рэгламента праходзяць часам гарачыя дэбаты, пакуль аргкамітэт не прыйдзе даканчатковага рашэння.

Спартакіяда 2017 года праходзіла па шасці відах спорту і доўжылася тры дні. У цэнтры ўвагі быў валейбол. Валейбол, як і любая камандная гульня, найболей відовішчны від спорту. Дзве падгрупы, у якіх на першым этапе спаборнічалі каманды, аказаліся прыкладна роўныя па ўменнях і сілах. Праўда, выхад ЛВЗ "Алгонь" у фінал даволі лёгка прагназаваўся з прычыны таго, што амаль уся каманда ўсю зіму рэгулярна наведвала валейбольныя трэніроўкі. У другой падгрупе фіналіст вызначыўся на пятым тай-брэйку. У супрацьстаянні лясгаса і КСУП "Слава працы" перамогу святкавалі леснікі.

У фінальны дзень спартакіяды ў матчы за пятае месца па валейболе ПМС узяло верх над ЖКГ. Трэцяе месца дасталося КСУП "Слава працы", чацвёртае — Казлоўшчынскай школе. У фінале сышліся лясгас і ЛВЗ "Алгонь". У матчы было ўсё: і шумныя заўзятары, і гарачыя спартсмены. У выніку спартыўнай бітвы перамогу святкаваў ЛВЗ "Алгонь". Чэмпіёнамі сталі Яўген Валгапаў, Іван Папроцкі,
Дзмітрый Палубінскі, Сяргей Цынс, Міхаіл Гародка, Дзмітрый Сівец, Таццяна Курман і Дзмітрый Калнацкі.

Адначасова са стыкавымі гульнямі па валейболе спартакіяда набірала абароты і на іншых участках спартыўнай арэны, называючы імены новых чэмпіёнаў і прызёраў.

У спаборніцтвах па шашках перамогу здабыла каманда Казлоўшчынскай школы ў складзе Уладзіміра Сербіна і Ганны Нічыпар. Другое месца заняў ЛВЗ "Алгонь", трэцяе - ПМС.

Каманда школы святкавала поспех і ў стральбе. Суладны сямейны дуэт Святаслава і Тамары Буякоў быў самы трапны. Другое месца ў ЛВЗ "Алгонь", трэцяе — у ЖКГ.

У спаборніцтвах па дартсе ва ўпартай барацьбе перамогі дамаглася каманда КСУП "Слава працы" ў складзе Мікалая Сінько і Таццяны Галавач. Другое месца - зноў у ЛВЗ "Алгонь", трэцяе — у каманды школы.

На "дэсерт" засталіся сілавыя віды. Ва ўзняцці гіры другі год запар расклад падыходу да снарада паспрыяў камандзе ПМС, больш дакладна яе прадстаўніку Аляксандру Самахвалу. Ён выконваў практыкаванні апошні, ведаючы вынікі сапернікаў. Безумоўна, і сам Аляксандр не схібіў — выявіў і ўласную сілу, і ўменне цярпець пад нагрузкам. Ён апярэдзіў сапернікаў. Другое месца заняў прадстаунік ЛВЗ "Алгонь", трэцяе - ЖКГ.

Перацягванне каната. Вось дзе спалучаецца малайцоўскі спрыт з адчуваннем локця таварыша па камандзе. Пры той падтрымцы, якую зладзіў ці не увесь працоўны калектыў ЛВЗ "Алгонь", яго каманда прайграць проста не магла. Чэмпіёнамі сталі Сяргей Свяцецкі, Андрэй Яраш, Сяргей Цынс, Дзмітрый Шундрык, Пётр Аліхвер, Міхаіл Гародка, Дзмітрый Сівец, Генадзь Якубовіч. На другім месцы — каманда ЖКГ. На трэцім — ПМС.

Хто ж перамог, урэшце, у агульнакамандным заліку? Па найменшай суме занятых месцаў першае месца — у ЛВЗ "Алгонь", другое — у Казлоўшчынскай школы, трэцяе — у КСУП "Слава працы". Чацвёртае-шостае месцы з аднолькавым вынікам падзялілі ПМС, ЖКГ і лясгас.

Яшчэ хачу адзначыць шэраг момантаў нашай алімпіяды. Спаборніцтвы адбыліся дзякуючы актыўнаму ўдзелу і агульнаму кіраўніцтву старшыні Казлоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта В. А. Бяляткі. Падтрымаў турнір і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Не застал іся ўбаку некаторыя прадпрыемствы пасёлка. Запомнілася ўрачыстае адкрыццё спартакіяды, мастацкія нумары і музычнае суправаджэнне спартыўнага свята работнікамі Казлоўшчынскага дома культуры (дырэктар Д. Д. Міцкевіч).

Верагодна, што праз год Казлоўшчынскія "малыя Алімпійскія гульні" пройдуць у больш шырокім фармаце. Цікавыя прапановы на гэты конт ужо прагучалі, і яны, на мой погляд, вартыя ўвагі.

Л. ПЯКАРСКІ, галоўны сакратар спаборніцтваў, старшыня прафсаюзнай арганізацыі КСУП "Слава працы"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/