Людміла Юрава - майстрыха і цікавы чалавек



Пра Людмілу Юраву нам расказала жыхарка аграгарадка Гезгалы Вера Хрышчановіч. Маўляў, ужо некалькі гадоў жыве на гезгалаўскай зямлі працавіты чалавек з залатымі рукамі, што жанчына гэта не мясцовая, а значыць, можа шмат цікавага расказачь пра свой лёс і захапленні.

3 балкона ці з вітальні?

Наша машына спыняецца каля пад'езда аднаго з жылых дамоў аграгарадка Гезгалы. Ува прыцягвае балкон на першым паверсе: цікаўнымі вочкамі з яго выглядваюць стракатыя пятунні, грацыёзна цвітуць прыгажуні-герані, жывым дахам над балконам навісае вінаград з вялікай колькасцю яшчэ не паспелых гронак. Сярод гэтай шчодрай прыгажосці сядзяць дзве жанчыны. Звяртаюся да старэйшай з іх: "Можа, вы будзеце Людміла Якаўлеўна Юрава?" - жанчына ківае ў адказ і запрашае праходзіць.

Калі адчыняюцца дзверы кватэры, перад маімі вачамі паўстае невялікая, але ўтульная вітальня, аздобленая вырабамі ручной работы. Тут жа ўспамінаецца выраз "тэатр пачынаецца з вешалкі". А вось мне цяжка вырашыць, з чаго пачаць апісанне кватэры Людмілы Якаўлеўны: дапоўніць аповед пра балкон ці расказаць пра вітальню, дзе наведвальнікаў "сустракае" яркая калекцыя тапачак, звязаных з рознакаляровых шматкоў тканіны. Безумоўна, гаспадыня клапоціцца аб сваіх гасцях, і дзверы кватэры для іх заўжды адчынены. А за парогам нібыта пачынаецца краіна кветак і фантазій: архідэі розных колераў і сартоў з фоамірану, бутаньеркі і вазоны з ружамі, рамонкамі, гладыёлусамі, сланечнікамі, макамі. Вырабы з папяровай лазы, пластыку, тканіны, лёну, нітак - якія толькі матэрыялы не ператвараюцца ў хатнія рэчы ў працавітых руках Людмілы Юравай. Хаця гаспадыня не мае спецыяльнай адукацыі, па натуры яна адначасова майстар, мастак, дызайнер і творчы чалавек, які і дня не можа пражыць без стваральнай працы. Майстрыха пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых ідэй, асвойвае розныя тэхнікі і спяшаецца ўвасобіць задумкі ў жыццё. У вітальні, напрыклад, стаіць канапа (ніколі не здагадаецеся) - з пластыкавых бутэлек. 3 гэтага ж матэрыялу ў гасцёўні - свяцільня. А зусім нядаўна Людміла Якаўлеўна скончыла работу над кухонным наборам для сыпучых прадуктаў. Любуюся ім і адзначаю, што атрымалася ярка і арыгінальна. Наогул, аздоба невялікай кухні кідаецца ў вочы: усё тыя ж самаробныя кветкі "засялілі" падаконнік і,сцены, "павіліся" па халадзільніку, але бадай самая арыгінальная работа майстрыхі, якая тут знаходзіцца, - плеценая выцяжка. Людміле Якаўлеўне падабаецца плесці з папяровай лазы. Самыя значныя рэчы, выкананыя ў гэтай тэхніцы, - дэкаратыўны столік і таршэр.

На сценах кватэры шмат карцін, вышытых крыжыкам, гладдзю і ў ЗР-фармаце - з шаўковых стужак і фоамірану.

Асобная калекцыя майстрыхі, на якой таксама варта спыніцца, - гэта жаночыя ўпрыгажэнні з нітак, бісеру і бусін. Мяркую, у ёй некалькі дзясяткаў экспанатаў, любы з якіх можа стаць жаданым падарункам для жанчыны, якая ўмее падбіраць модныя аксэсуары. Дарэчы, Людміла Юрава прызнаецца, што большасць сваіх работ яна падарыла, "разляцеліся" падарункі па розных кутках постсавецкай прасторы, а некаторыя нават трапілі ў Еўрасаюз, бо ў Германіі жывуць дзве дачкі гезгалаўскай майстрыхі.

Мой адрас - Савецкі Саюз

Людміла Якаўлеўна расказвае, што па нацыянальнасці яна напалову руская, напалову ўкраінка, а нарадзілася ў Какпекцінскім раёне Усходняга Казахстана, у сяле Іванаўка (з 1999 года - Какжайык). У хуткім часе бацькі пераехалі ў сяло імя Хрушчова, пад Цалінагорск - пераезд у Кемерава. I толькі ў закрытым горадзе Усць-Каменагорску - цэнтры каляровай металургіі Казахстана - сям'я затрымалася больш чым на 30 гадоў.

- Прыгожыя там былі мясціны, - узгадвае Людміла Якаўлеўна, - нездарма іх называюць "маленькай Швейцарыяй". Там у магутную раку Іртыш упадае Ульба, ёсць горы і азёры. Праўда, з-за вялікай колькасці прамысловых прадпрыемстваў клімат у горадзе неспрыяльны: мясцовыя жартавалі, што ў паветры знаходзіцца ўся табліца Мендзялеева. Зусім не далека -знакаміты Байканур, адкуль у космас стартуюць ракеты.

У такіх мясцінах прайшла значная частка майго жыцця, вельмі цікавым яно было. Ужывую бачыла многіх артыстаў, сама таксама марыла паступаць на артыстку ў Омскае вучылішча, але маці не пусціла. А працаваць я пачала рана на мэблевай фабрыцы, цяжка было, і здароўе хутка сапсавалася. Але я ніколі не скардзілася і не сумавала, была актыўнай і часта ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, пазней ладзіла касцюмаваныя прадстаўленні на ўсіх сямейных святах. Родныя і сябры памятаюць мяне ў характарнай ролі Бабы Ягі, за якую я атрымала некалькі прызоў, у тым ліку і галоўны. Пераапранулася так, што ніхто не мог мяне пазнаць, а выступіла - уся фабрыка за жываты трымалася. Таксама часта выконвала ролю Цыганкі, бо ўмею танцаваць цыганскія танцы, не раз была Дзедам Марозам.

У 18 гадоў у Усць-Каменагорску Людміла выйшла замуж за Фёдара Юрава,. працавітага спакойнага чалавека, з якім пражылі душа ў душу 48 гадоў, выгадавалі трох дачок.

У пошуках месца пад сонцам

У 1992 годзе ў Казахстане пачаліся ганенні на рускіх і немцаў. Юравым давялося прадаць кватэру ў горадзе і вярнуцца ў сяло. Але і там "пратрымаліся" толькі пяць гадоў. Жылі пераважна за кошт сваей гаспадаркі. Людміла Якаўлеўна ўспамінае, як муж пайшоў на работу, а.яна за гэты час набыла 30 парасят, ён вярнуўся, а дома свой свінакомплекс. Таксама трымалі дзвюх кароў, тры сотні птушак, 150 трусоў, апрацоўвалі 40 сотак зямлі. Амаль усе стравы гатавалі самі, нават цукеркі, Людміла Юрава - адметная паварыха. Яна і цяпер можа прыгатаваць смачны бешбармак, лагман, спячы некалькі розных тартоў, зрабіць шакаладную каўбасу і казінакі.

Тым не менш, у "ліхія дзевяностыя" сямейнай ідыліі ў Казахстане ў Юравых не атрымалася. На той час дзве дачкі Людмілы (Марына і Яўгенія) выйшлі замуж за мясцовых немцаў. З-за ганенняў іх сем'і падаліся ў Германію. Месца пад сонцам пачалі шукаць і Юравы, бо ім ужо перакрылі цэнтральную ваду, стала складана спраўляцца з вялікай гаспадаркай і агародам.

- Тады муж паехаў на заробкі ў Расію, працаваў па 12 гадзін, "зарабіў" інсульт. Пазней мы пераехалі ў Самару. Там нам прадалі гаспадарчае памяшканне, якое наша сям'я дабудавала і ператварыла ў жылы дом. Пяць гадоў жыла я ў Самары на беразе Волгі і кожны дзень плакала. Сама не ведаю, чаму душа не ляжала да тых мясцін. А ў 2002 годзе нашыя знаёмыя дамовіліся наконт работы ў Беларусі, і ў 2003 годзе мы з мужам прадалі дом і пераехалі ў Беліцу, дзе наймалі кватэру. У пошуках жылля, якое можна было б набыць, я аб'ездзіла ўвесь Лідскі раён, а знайшла кватэру тут, у аграгарадку Гезгалы. Спадабалася кампактнасць застройкі: здаецца, і дамоў шмат, а хутка можна дайсціі з аднаго краю Гезгалаў на другі. Ды і мясціны тут маляўнічыя: растуць высокія сосны, побач вадасховішча, лес, дзе шмат грыбоў і ягад.

Вось так мы і перасяліліся на Дзятлаўшчыну, аб чым ніколі не пашкадавалі. Цяпер у аграгарадку жывём мы са старэйшай дачкой Вольгай, тут пахаваны мой муж.

Нягледзячы на тое, што жыццё разлучыла Людмілу Юраву з яе сяброўкамі і раскідала іх па ўсёй постсавецкай прасторы, яна не страціла сувязі з імі і перапісваецца праз Інтэрнэт.

Адшукаць родных мужа дапамагла праграма "Чакай мяне". Аказалася, што блізкія людзі жывуць у Мінску, Слуцку, Мар'інай Горцы і ўжо прыязджалі ў госці. Беларусь стала блізкім сэрцу куточкам для Людмілы Якаўлеўны, хаця яна неаднаразова бывала ў дочак у Германіі.

Людміла Юрава любіць і цэніць жыццё, лічыць, што пражыла яго цікава і шчасліва, бо Гасподзь не абдзяліў талентам яе і дачок, падарыў унукаў. Іншым людзям яна таксама жадае быць шчаслівымі і дадае, што шчасцю спрыяе цікавае захапленне і стваральная праца.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/