ЛІКВІДАТАР ВІКТАР ЯРАШ



Сёлета сгіоўнілася 30 гадоў з дня аварыі на Чарйобыльскай АЭС. Увесь гэты час слова "Чарнобыль" асацыіруецца ў нас з тысячамі ахвяраў "мірнага атама", сотнямі тысяч скалечаных лёсаў, цяжкімі хваробамі, іншымі напасцямі. Ужо вырасла новае пакаленне, якое мала ведае аб гераізме і подзвігу людзей, якія змагаліся з нябачным, але рэальным, смяротным ворагам — радыяцыяй. Рызыкуючы сваім здароўем і жыццём, яны ратавалі ад чарнобыльскіх радыёнуклідаў насельніцтва ўсіх краін Еўропы.

У ліквідацыі вынікаў чарнобыльскай катастрофы прымалі ўдзел і нашы землякі — жыхары Дзятлаўскага раёна. Вучням 7-ых класаў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава нядаўна ўдалося сустрэцца з адным з іх — Віктарам Мікалаевічам Ярашам, які жыве ў вёсцы Лявонавічы, працуе ў СВК "Слава працы".

В. Яраш быў прызваны на ваенныя зборы і прабыў на забруджанай тэрыторыі з 9 лістапада 1986 года па 5 мая 1987 года. Пра гэты перыяд свайго жыцця Віктар Мікалаевіч і расказаў школьнікам:
— У выселеных вёсках мы знімалі радыёактыўную глебу каля дамоў, выкошвалі траву, збіралі на прысядзібных участках небяспечны ўраджай і вывозілі ўсё на магільнік. Акрамя гэтага, ездзілі абясшкоджваць калодзежы: у радыусе аднаго метра вакол калодзежа знімалі глебу і ўсё запаўнялі глінай.

Найбольш мне запомнілася 28 лістапада 1986 года, бо ў гэты дзень нас з іншымі ліквідатарамі накіравалі на 4-ы блок ЧАЭС прыбіраць радыеактыўнае і будаўнічае смецце. Паднялі ў 5 гадзін раніцы, накармілі, расказалі аб адказнасці, важнасці пастаўленых задач. 3 хімабароны выдалі бахілы (вялікія боты) і рэспіратар. Мы працавалі з 9 да 13 гадзін. Пасля з'ездзілі ў Чарнобыль на абед і прадоўжылі работу да 16 гадзін. У гэты час якраз узводзіўся саркафаг. Побач з намі працавалі людзі ў спецыяльных белых касцюмах і масках. Яны мяняліся праз кожныя 15 хвілін.
Успамінаючы перажытае, я ганаруся, што разам з іншымі ліквідатарамі зрабіў свой уклад у абарону людзей ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

Віктар Мікалаевіч расказаў школьнікам, што яны могуць даведацца шмат пра акалічнасці чарнобыльскай трагедыі і людзей, якія змагаліся з радыяцыяй, калі прачытаюць кнігу памяці В. Камянкова "Чарнобыльскі боль". Гэта зборнік, у якім змешчаны гісторыі ўдзельнікаў дэзактывацыйных работ на забруджаных тэрыторыях. Есць у кнізе і ўспаміны самога В. Яраша.

Праз тыдзень пасля сустрэчы са школьнікамі наш зямляк быў запрошаны ў Мінск на прэзентацыю чацвёртага выдання кнігі "Чарнобыльскі боль". Урачыстая сустрэча праходзіла ў атэлі "Пекін". На прэзентацыі прысутнічаў пасол Кітая, які дапамог аўтару зборніка В. Камянкову выдаць новую, дапоўненую кнігу.

Віктар Мікалаевіч Яраш выступіў перад прысутнымі з успамінамі. 3 Мінска наш зямляк вярнуўся з экзэмплярам новага выдання кнігі "Чарнобыльскі боль".

А. МАКАРЭВІЧ, настаўніца сярэдняй школы №1 горада Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/