Ларыса Радзіон: "Жыццё - гэта лесвіца"



Выраз "Настаўнік — гэта не прафесія, а лад жыцця" даўно стаў , крылатым. 3 гэтай думкай поўнасцю згодна настаўніца беларускай мовы Наваельнянскай сярэдняй школы Ларыса Вячаславаўна Радзіон.

3 уласнага вопыту, які налічвае больш за тры дзясяткі гадоў работы ў школе, яна ведае, што настаўнік не можа забыць пра свае школьныя клопаты ні на дзень: яго думкі заўсёды вяртаюцца да вучняў, размовы з калегамі пастаянна тычацца школы.

Ларыса Вячаславаўна любіць сваю прафесію і не шкадуе, што выбрала менавіта яе. Любоў да кнігі, да мілагучнай роднай мовы ёй дасталася ў спадчыну ад бацькоў і класнага кіраўніка — настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Дварэцкай сярэдняй школы Ядзвігі Іванаўнай Шмыгінай.

Ларыса Вячаславаўна — выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Сваю працу пачынала ў Мяляхавіцкай сярэдняй школе піянерважатай, затым працавала ў Таркачах, а з 1993 года працуе ў Наваельні.

— Я — патрабавальная настаўніца, — прызнаецца Ларыса Вячаславаўна. — Стараюся, каб дзеці былі падрыхтаваны, бачылі і чулі мяне на уроку. Часта паўтараю сваім вучням, што жыццё — гэта лесвіца, і нельга трымаць рукі ў кішэнях, калі хочаш падняцца па ёй.

Сабе таксама не даю слабіны: чытаю шмат спецыяльнай літаратуры, калі знаходжу новыя тэставыя заданні, найперш рашаю іх сама. На ўроках стараюся тлумачыць тэмы зразумела, падбадзёрваю навучэнцаў, што кожнае выкананае заданне — гэта яшчэ адзін крок да пастаўленай мэты. Наогул, шмат увагі надаю матывацыі, стараюся дапамагчы вучням паверыць у сябе.

Варта зазначыць, што такая методыка дае вынікі. Сёлета навучэнка Ларысы Вячаславаўны Радзіон — Ірына Рагозіна — набрала 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове, у 2009 годзе такі ж вынік быу у Кацярыны Варонка. А яшчэ выпускнікі рускамоўнай Наваельнянскай школы часцей здаюць цэнтралізаваны тэст менавіта па беларускай мове. Напрыканцы гэтага навучальнага года, напрыклад, ЦТ па беларускай мове збіраюцца здаваць 18 з 24 адзінаццацікласнікаў.

Ларыса Вячаславаўна зазначае, што ганарыцца сваімі вучнямі, ганарыцца дзяўчатамі, якія набралі вышэйшыя балы на тэсціраванні, Карынай Кардаш, якая атрымала дыплом на абласной алімпіядзе па беларускай мове, мінулым сваім выпуску, дзе ўсе без выключэння вучні атрымалі вышэйшую адукацыю і ўладкаваліся на працу. Настаўніца спадзяецца, што і гэты яе выпуск, а яна класны кіраўнік у 11 класе, будзе не менш паспяховы.

Захапленне Ларысы Вячаславаўны — гэта кнігі. Чытаць падабаецца з дзяцінства, і гэта прыхільнасць да кнігі перадалася ёй ад бацькоў. Сярод любімых аўтараў настаўніцы — Іван Шамякін.

— Я перачытала па некалькі разоў усе яго творы. На жаль, — зазначае Ларыса Вячаславаўна, — цялерашняе пакаленне дзяцей чытае толькі праграмную літаратуру, і гэта праблема ўсіх настаўнікаў-філолагаў. Цяпер моладзі больш цікавы камп'ютар. Таму без сучасных тэхналогій цяжка абысціся нават на ўроках. Вельмі хочацца, каб школы больш забяспечваліся тэхнічна. Вядома, у нас ёсць камп'ютарныя класы, інтэрактыўныя дошкі, але, на жаль, пакуль яшчэ не ў кожнага педагога.

У вольны ад работы час Ларыса Вячаславаўна Радзіон стараецца часцей бываць у роднай вёсцы — Вялікай Палонцы, дзе прайшло яе дзяцінства, дзе стаіць бацькоўская хата, дзе суседзі-аднавяскоўцы сустракаюць са шчырай цеплынёй.

— Я даўно заўважыла, што тут чэрпаю душэўныя сілы, адпачываю ад жыццёвай мітусні. Сюды любяць прыязджаць і мае дарослыя дзеці Юлія і Яўген.

Дзеці настаўніцы атрымалі вышэйшую адукацыю, жывуць і працуюць у іншых гарадах: дачка — начальнікам лабараторыі на "Лекфарме" ў Лагойску, сын — у Мінску ў МТБанку. Муж Сяргей Аляксандравіч усё жыццё падтрымлівае Ларысу Вячаславаўну і калі неабходна, бярэ на сябе клопаты па гаспадарцы, пакуль жонка рыхтуецца да наступнага нялёгкага і адказнага школьнага дня.

Сваім калегам да свята Ларыса Вячаславаўна Радзіон жадае разумения і падтрымкі блізкіх, здароўя, цярпення, мудрасці, больш часу на творчую дзейнасць, і каб прафесія настаўніка была пачэснай і прыносіла задавальненне.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/