Лагер "Эрудыт": канікулы на карысць



Актыўна праходзілі зімовыя канікулы ў аздараўленчым лагеры "Эрудыт" гімназіі № 1 горада Дзятлава, дзе з 26 снежня па 4 студзеня адпачыў 21 навучэнец першых-другіх класаў.

Змена называлася "Юныя адкрывальнікі", і кожны дзень прыносіў дзецям карысныя веды. Пачыналіся дні з традыцыйнай размовы "Раніца добрага настрою", якую прадаўжала "Азбука здароўя і бяспекі" на розныя тэмы.

У першы дзень змены дзеці даведаліся, як бяспечна правесці канікулы зімой, таксама ажыццявілі экскурсію на вузел паштовай сувязі, дзе ім расказалі, як пасылаць пісьмы і паштоўкі, хто дастаўляе адресатам газеты і карэспандэнцыю. Другі дзень "Сябра, не жартуй з агнём, каб не шкадаваць потым" прайшоў пад знакам бяспекі, быў адметны конкурсам малюнкаў "Зіма чароўная, калі бяспечная" і паходам у кінатэатр. На трэці дзень дзяцей чакала падарожжа ў краіну Вітамінію, спартыўная гадзіна "У здаровым целе - здаровы дух" і тэматычны конкурс малюнкаў. Перадсвяточнае 30 снежня так і называлася "3 Новым годам!". Эрудытаўцы паўдзельнічалі ў караоке-шоу "Лепшая навагодняя песня", даведаліся гісторыю навагодніх даўнейшых цацак, намалявалі малюнкі "Зіхаціць агеньчыкамі ёлка".

Дзень талентаў і казак сабраў наведвальнікаў "Эрудыта" ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы. Праз казачную пастаноўку яны даведаліся, як правільна абыходзіцца з кніжкамі, паўдзельнічалі ў віктарыне. Вярнуўшыся ў гімназію, самі арганізавалі інсцэніроўку "У гасцях у казкі", намалявалі любімых казачных герояў, праверылі свае веды ў віктарыне "Трыдзявятае царства, трыдзясятая дзяржава". Яркім і запамінальным стаў дзень развітання з лагерам. Эрудытаўцы сабралі фотаздымкі, якія рабілі на працягу змены, і склалі з іх памятны калаж "Нам было цікава разам". Завяршыла змену вясёлая дыскатэка "Чароўная краіна дзяцінства".

Ірына КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/