Колькі новых дзятлаўчан?



Аддзел ЗАГС не толькі рэгіструе заключэнне шлюбу, як лічаць многія. Нараджэнне дзіцяці, ушанаванне юбіляраў сямейнага жыцця, перамена імя і, на жаль, адыход з жыцця - усе гэтыя і іншыя падзеі - і шчаслівыя, і сумныя - звязаны з гэтай установай. Аб выніках работы аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама за мінулы год расказала яго начальнік Вольга Бародзіч.

- Колькі пар у Дзятлаўскім раёне ў 2019 годзе захацелі афіцыйна аформіць свае адносіны?
- Усяго летась зарэгістравалі шлюб 126 пар, з іх 74 - у аддзеле ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама. У сельскай мясцовасці найбольш зарэгістраваных актавых запісаў па шлюбах.у Казлоўшчынскім (23) і Жукоўшчынскім (12) сельвыканкамах.

- Цікава, у якім узросце частей становяцца жаніхамі і нявестамі?
- Сярэдні ўзрост нявестаў -30 гадоў, а жаніхоў - 32. Летась тром самым маладым нявестам і аднаму жаніху яшчэ не споўнілася 18 гадоў, а тром жаніхам і адной нявесце было больш за 60 гадоў.

- Вольга Вацлаваўна, пэўна, многім будзе цікава, колькі ж дзетак нарадзілася ў мінулым годзе?
- У раёне зарэгістравана нараджэнне 174 немаўлят. 3 іх 83 хлопчыкі і 91 дзяўчынка.

. - Ці былі двойні, тройні?
- Тройняў у мінулым годзе не нарадзілася, а вось двайное шчасце з'явілася ў адной сям'і.

- Пэўна, найбольш першынцаў?
- Не, найбольш дзетак нарадзіліся другімі ў сям'і - 63, першынцаў было 53. Статус шматдзетных набылі 58 сем'яў: у іх нарадзілася па трэцім і больш дзяцей. У мінулым годзе былі нават дзвё сям'і, у якіх нарадзіліся па сёмым і восьмым дзіцяці.

- Цікава, а бацькі - усе беларусы?
- Чацвёра татаў былі з Малдовы, Расіі і Украіны, а вось матуляў-іншаземак - пяць: адна латышка і чытырьіі ўкраінкі.

- У якім узросце найчасцей станавіліся бацькамі?
- Калі падлічыць сярэдні ўзрост, то для матуляў гэта 29 гадоў, а для татаў - 31. Самай маладой маме было менш за 18 гадоў, а самым маладым татам - больш за 20 гадоў.

- Пэўна ж, бацькамі станавіліся і старэйшыя людзі?
- Так, шэсць жанчын сталі матулямі пасля 40 гадоў, а чатыром татам было больш за 50 гадоў.

- Цікава, як часцей за ўсё называлі дзетак у 2019 годзе?
- Самымі папулярнымі імёнамі для дзяўчынак сталі Вікторыя, Мілана, Валерыя, Ксенія, Марыя, а для хлопчыкаў - Мацвей, Аляксандр, Арсеній, Дзмітрый, Ягор.

- А ці выбіралі бацькі для сваіх немаўлятак якія-небудзь рэдкія імёны?
- Многія бацькі цяпер стараюцца назваць дзяцей незвычайнымі і арыгінальнымі імёнамі. Напрыклад, дзяўчынак летась называлі Амалія, Дарына, Каміла, Міраслава, Саміра, а хлопчыкаў - Васіль, Леў, Міраслаў, Назар, Канстанцін.
Дарэчы, цікавая статыстыка па імёнах за апошнія дзесяць гадоў. Часцей за ўсё дзяўчынкам давалі імёны Дар'я, Анастасія, Ксенія, Аляксандра, Вікторыя, а хлопчыкаў называлі Максім, Мацвей, Арцём, Уладзіслаў, Кірыл. Даволі шмат у нашым раёне сустракалася за гэты час і рэдкіх імёнаў, напрыклад, Аўгусціна, Герда, Лэйла, Нона, Сандра, Саяна, Эрыка, Гардзей, Еўдакім, Мілан, Халіл, Назарый, Ерафей, Эльмерас-Сандэр.

- Бывае, што звяртаюцца да вас дзятлаўчане, якія не задаволены сваім іменем і хочуць яго памяняць?
- Ёсць такія жадаючыя. У мінулым годзе адзін чалавек захацеў змяніць імя і два чалавекі - прозвішча. Але для гэтага павінны быць падставы, неабходна прадаставіць пэўныя дакументы.

- На жаль, прысутнічае ў вашых працоўных буднях і сумная статыстыка.
- Так, нам прыходзіцца рэгістраваць не толькі такія прыемныя моманты ў жыцці людзей, як рэгістрацыі шлюбаў і нараджэнні дзяцей, але і смерці. Сёлета ў Дзятлаўскім раёне памерлі 512 чалавек. У большасці выпадкаў - а гэта 480 - прычынай смерці стала хвароба.

- Што пажадаеце дзятлаўчанам у новым годзе?
- Берагчы і ўмацоўваць свае сем'і, клапаціцца адзін аб адным і ва ўсім падтрымліваць. А дзеткі каб раслі здаровымі і вясёлымі, радавалі бацькоў і былі іх гонарам.

Гутарыла Святлана ГРЫШЫНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/