Хто шукае, той заўжды знойдзе



Галоўная задача дзяржаўнай службы занятасці - стварэнне ўмоваў для рэалізацыі магчымасцяў кожнага чалавека, які хоча і можа працаваць, знайсці работу. Як з гэтай задачай спраўляюцца на Дзятлаўшчыне, мы даведаліся ў намесніка начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алены Савань.

- Алена Мікалаеўна, якая сітуацыя на рынку працы раёна?
- На 1 сакавіка 2019 года на ўліку ў службе занятасці раёна знаходзіліся 43 беспрацоўныя, узровень беспрацоўя складаў 0,4%, ён трымаецца на гэтай лічбе на працягу некалькіх месяцаў. У базе даных раёна - 367 вакансій, 140 з іх - па рабочых прафесіях. Найбольш запатрабаваныя на Дзятлаўшчыне медсестры, дактары, у сельскагаспадарчым сектары - ветфельчары, заатэхнікі, аграномы, таксама ў дэфіцыце трактарысты і вадзіцелі. За 2 апошнія месяцы садзейнічанне ў працаўладкаванні было аказана 70-і грамадзянам, сярод якіх 63 беспрацоўныя.

- Якія формы работы з людзьмі выкарыстоўваеце?
- Праводзім кірмашы вакансій. Апошні з іх прайшоў на базе Наваельнянскага сельвыканкама.
Таксама праходзяць акцыі "Пачні сваю справу" для кансультавання грамадзян па пытаннях адкрыцця прадпрымальніцкай дзейнасці, аказання паслугаў у сферы аграэкатурызму, рамеснай дзейнасці. Праводзім Дні прафарыентавання, калі кансультуем людзей аб найбольш запатрабаваных прафесіях, атрыманні новых спецыяльнасцяў, навучанні, перанавучанні, павышэнні кваліфікацыі. Напрыклад, аднаго жыхара раёна мы накіравалі на курсы "Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці", паколькі ён звярнуўся наконт адкрыцця ўласнай справь!? У сакавіку збіраюцца групы для навучання па такіх спецыяльнасцях, як дарожны рабочы, прадавец, электрагазазваршчык, повар-кандытар, можам накіроўваць і на іншыя спецыяльнасці. Пераважна мы нацэлены накіраваць на навучанне пад заказ наймальніка, каб у людзей было гарантавана працаўладкаванне. Другі варыянт - працаўладкаванне пасля навучання ў рамках атрымання вопыту практычнай работы. За такога работніка наймальніку кампенсуюцца затраты на выдачу зарплаты і адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Летась у нас быў вопыт па працаўладкаванні жыхара Дзятлаўшчыны ў горад Гродна вадзіцелем у аўтапарк. Мы аказалі яму садзейнічанне ў перасяленні на новае месца жыхарства і работы з выплатай грашовай дапамогі.

- Колькі беспрацоўных атрымалі субсідыю?
- У 2018 годзе субсідыя была выдзелена пяці жыхарам раёна. Сярод іх чатыры чалавекі адкрылі прадпрымальніцкую дзейнасць, адзін пачаў займацца аказаннем паслугаў у сферы аграэкатурызму. Сёлета таксама плануем аказаць садзейнічанне не менш чым 5 чалавекам. Варта зазначыць, што дзятлаўчане зацікаўлены ў самазанятасці. Мы супрацоўнічаем з раённым выканаўчым камітэтам, службай "Адно акно".

- На які памвр субсідыі можна разлічваць?
- Памер субсідыі залежыць ад месца рэгістрацыі грамадзяніна. Для горада гэта сума складае 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, для сельскай мясцовасці - 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Грошы выдаюцца ў бязвыплатнае карыстанне. Аднак, каб іх атрымаць, беспрацоўны павінен прадаставіць у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне бізнэс-план і заяву. Гэтыя дакументы разглядаюцца камісійна, выносіцца рашэнне аб выдачы субсідыі або адмове. Калі рашэнне станоўчае, з грамадзянінам заключаецца дагавор, якім прадугледжаны ўмовы выкарыстання субсідыі і тэрміны, калі трэба прадастаўляць справаздачу аб ажыццяўленні дзейнасці на працягу года. Патраціць грошы звычайна дазваляецца на абсталяванне, інвентар, інстументы, матэрыялы, неабходныя для арганізацыі пэўнага віду дзейнасці.

- Што рабіць чалавеку, які па той ці іншай прычыне застаўся без работы?
- У першую чаргу, звярнуцца ў службу занятасці па садзейнічанне ў працаўладкаванні, кансультацыю, інфармацыйную дапамогу. Мы ўсё патлумачым, азнаёмім з вакансіямі, раскажам аб найбольш запатрабаваных прафесіях і магчымасцях перанавучання. Напрыклад, калі ў чалавека зусім няма спецыяльнасці, мэтазгодна спачатку яе атрымаць. Таксама непрацуючыя могуць звяртацца напрамую да наймальнікаў.

- Як даведацца аб вакансіях, якія ёсць у раёне, плане правядзення кірамашоў вакансій?
- Пра вакансіі раёна можна даведацца, прыйшоўшы да нас і азнаёміўшыся з іх спісам, або на інфармацыйным партале дзяржаўнай службы занятасці, дзе можна прагледзець вакансіі не толькі Дзятлаўскага раёна, але вобласці і рэспублікі, у тым ліку з прадастаўленнем жылля. Спасылка на тэты партал ёсць на сайце райвыканкама.

Што тычыцца кірмашоў вакансій, мы працуем у цесным кантакце са старшынямі сельвыканкамаў. Як правіла, кірмашы вакансій праводзяцца сумесна з пасяджэннямі саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. Беспрацоўныя запрашаюцца на падобныя сустрэчы павесткамі, мы і самі тэлефануем людзям, каб запрасіць на кірмаш вакансій.

Гутарыла Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/