Хто думае пра будучыню - глядзіць наперад



27 лютага прайшло пасяджэнне савета аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, у час якога педагогі раёна падвялі вынікі работы за 2018 год, акрэслілі задачы на 2019-ы. Удзел у сустрэчы прыняў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч.

Па галоўным пытанні выступіла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус. Зазначыла, што ў 2018 годзе аддзел і ўстановы адукацыі раёна паслядоўна ажыццяўлялі работу па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі. У сістэме дашкольнай адукацыі асноўная ўвага надавалася яе даступнасці, фарміраванню здароўезберагальнай прасторы, удасканаленню якасці адукацыйнага працэсу. Прапаноўваліся паслугі фупаў кароткачасовага знаходжання, арганізоўвалася наведванне садкоў па гібкім рэжыме, мелася магчымасць выбару мовы.

Забяспечана стабільнасць асноўных паказчыкаў якасці агульнай сярэдняй адукацыі. На 5-10 балаў навучальны год скончылі 79,5% навучэнцаў, 9,2% - выдатнікі. На цэнтралізаваным тэсціраванні стобальныя вынікі былі ў двух навучэнцаў.

Па выніках рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных предметах, конкурсаў даследчых работ Ілья Уфын (гімназіі №1 горада Дзятлава) і Ягор Сокал (Наваельнянская сярэдняя школа) і іх педагогі Ганна Урбановіч, Алена Баковіч адзначаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ягор Сокал стаў лаўрэатам прэміі А. Дубко.

Па выніках мінулагодняй абласной алімпіяды на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі заваявана 7 дыпломаў. На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах заваяваны 2 дыпломы.

Сістэма спецыяльнай адукацыі поўнасцю забяспечана дэфекталагічнымі кадрамі. Захоўваецца стабільны ўзровень якасці карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

Палепшыліся вынікі ўдзелу ў творчых конкурсах: заваяваны 89 узнагародаў абласнога ўзроўню, 8 - рэспубліканскіх, 4 -міжнародныя. Аддзел адукацыі адзначаны дыпломам за актыўны і выніковы ўдзел у мерапрыемствах эколага-біялагічнай накіраванасці ў рамках акцыі "Жыву ў Беларусі і тым ганаруся".

Новы імпульс атрымаў валанцёрскі рух: арганізавана работа 28 валанцёрскіх і 50 цімураўскіх атрадаў, клопатам ахоплены звыш 4 тысяч пажылых і адзінокіх грамадзян.

Шмат увагі надаецца выхаванню культуры бяспекі жыцця навучэнцаў, здароваму ладу жыцця, аздараўленню дзяцей на каналах, арганізацыі харчавання.

Захоўваецца станоўчая тэндэнцыя ў рабоце па дзяржаўнай абароне дзяцей у ненадзейных сем'ях, прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва. У абмеркаванні даклада прыняла ўдзел галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская, якая закранула пытаны палавой недатыкальнасці непаўналетніх, павышэння якасці спецыяльнай адукацыі.

Загадчыца Гезгалаўскага ясляў-сада Святлана Гурская расказала аб сістэме работы кіраўніка на прыкладзе сваёй установы, дзе рэалізоўваецца інавацыйны праект па фарміраванні духоўна-маральных якасцяў выхаванцаў. Дырэктар Наваельнянскай сярэдняй школы Марына Лашкоўская падзялілася вопытам работы педагогаў установы з адоранымі дзецьмі.

3 другім пытаннем парадку дня "Аб выніках правядзення раённай спартакіяды школьнікаў 2018 года" выступіла метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Пазняк. Яна адзначыла эфектыўную работу шэрагу ўстановаў адукацыі па падрыхтоўцы да раённых спаборніцтваў спартакіяды школьнікаў.

Вынікі сустрэчы падвёў Ігар Кухарэвіч. Ён зазначыў, што паспяховасць работы кожнай установы адукацыі напрамую залежыць ад асобы кіраўніка. Гэта павінны быць мэтанакіраваныя людзі, здольныя заахвоціць і натхніць калектыў, пракантраляваць усе накірункі работы, прыняць правільныя рашэнні. Сістэма адукацыі раёна спрацавала ў мінулым годзе дастойна, аднак ёсць яшчэ рэзервы для паляпшэння вынікаў па шэрагу накірункаў. Сёлета асаблівую ўвагу трэба звярнуць на пытанні бяспекі дзяцей, работу ў гэтым накірунку класных кіраўнікоў, сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў.
Прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне ўзнагародаў.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/