Калядныя песні - дзятлаўчанам



У самае светлае свята Нараджэння Хрыстова Цэнтр культуры запрасіў дзятлаўчан на святочную канцэртную праграму "Калі загараецца калядная зорка".

- Людзі, аб'яднаныя радаснай весткай пра нараджэнне Хрыста, адчуваюць сябе адной сям'ёй: у храме, у сябе дома за сталом і ў зале на вялікім гарадскім свяце, - павіталі прысутных вядучыя свята Таццяна Шостка і Аляксандр Раеўскі.

Усіх прысутных павіншаваў з Нараджэннем Хрыстовым ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула. Ён пажадаў дзятлаўчанам хутчэй перамагчы навалу каранавіруса, адкрыць свае сэрцы Богу, шчыра любіць яго і сваіх блізкіх.

На працягу канцэрта гучала шмат добра знаёмых і новых песень пра Нараджэнне Хрыстова, зіму, снег і Новы год. Добры настрой гледачам дарылі артысты Наталля Бузук, Аксана Кашляк, Ганна Харлінская, Сяргей Малышчык, Вольга Кузьма, Кацярына Сяледчык, Часлаў Свіб, Уладзіслаў Ракуць, гурты "Бархат", "Сузор'е" і цыркавая студыя "Марсі" пад кіраўніцтвам Валерыя Герасіменкі.

Госці канцэрта атрымалі асалоду ад добрых песень, а яшчэ - прыз за веданне калядных традыцый, па-ўдзельнічалі ў каляднай латарэі.

Наталля АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/