"КАЛІ МЫ РАЗАМ - МЫ МАЦНЕЙШЫЯ!"



У Мастах прайшоў VIII абласны фестываль творчасці маладых інвалідаў "Калі мы разам — мы мацнейшыя!". У фае мясцовага Цэнтра культуры для ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства гучала музыка і працавала выстава работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Кветка Радзімы". Нават не верылася, што ўсю гэту прыгажосць сваімі рукамі стварылі людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Тут жа сустракаліся даўнія сябры з розных раёнаў Гродзеншчыны, і можна было сфатаграфавацца на памяць з роставымі лялькамі.

Глядзельная зала была святочна ўпрыгожана паветранымі шарамі. Удзельнікі фестывалю крыху хваляваліся. I не дзіўна, бо сярод членаў журы былі ганаровыя госці: галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Н. Табола, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ГА "БелТІЗ" I. Новікава, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ГА "Беларускае таварыства інвалідаў" В. Лукашэвіч, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ГА "Беларускі фонд міру" А. Карней, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Р. Скамарошка, дырэктар Гродзенскага абласнога аддзялення ГА "Беларускі дзіцячы фонд" Т. Чарвякова.
Напачатку, каб падбадзёрыць удзельнікаў фестывалю, на сцэне выступіла мясцовыя танцавальная група. Вядучыя звярнуліся да гледачоў са словамі, што абласны фестываль творчасці маладых інвалідаў "Калі мы разам — мы мацнейшыя!" — гэта выдатная магчымасць далучыцца да дабрыні. I як сімвалы дабрыні на гледачоў зверху пачалі плаўна апускацца рознакаляровыя паветраныя шары. Гэты чароўны момант і даў старт выступленням асаблівых людзей.
Дзятлаўшчыну на свяце прадстаўлялі Віталь Крэйдзіч з песняй С. Трафімава "Я прывык усміхацца людзям" і танцавальная група ў складзе Аляксандра Калодкі, Ульяны Лукашэні, Таццяны Уласевіч з танцам "Я паеду ў Камарова". Дарэчы, падрыхтаваць танцавальны нумар наведвальнікам аддзялення "Праменьчык" на валанцёрскіх асновах дапамагла педагог Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў К. Бальшая. Кацярына Аляксееўна на дабрачынным канцэрце "Ад сэрца да сэрца" ўбачыла, як выступаюць інваліды, даведалася, што ў іx пакуль што няма мастацкага кіраўніка, і цяпер, як валанцёр, прыходзіць у аддзяленне і займаецца з маладымі інвалідамі. Плёнам іх супрацоўніцтва і стаў танец "Я паеду ў Камарова".
Фестываль праляцеў незаўважна, пакінуўшы прысутным букет яркіх уражанняў. Напрыканцы свята ўсе ўдзельнікі атрымалі дыпломы, падарункі і салодкія прызы. На развітанне гаспадары свята заклікалі на сцэну дэлегацыю Дзятлаўшчыны і перадалі ім кубак фестывалю. А гэта значыць, што восенню 2017 года ў Дзятлаве пройдзе IX абласны фестываль творчасці маладых інвалідаў "Калі мы разам — мы мацнейшыя!".

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/