"Калі мы разам - мы мацнейшыя!"



У аграгарадку Васілішкі Шчучынскага раёна прайшоў VII абласны фестываль маладых інвалідаў "Калі мы разам — мы мацнейшыя!". Кожны раз гэта мерапрыемства праходзіць у новым населеным пункце, а рыхтуюцца да яго цэлы год. Удзел у фестывалі прымаюць выхаванцы і калектывы аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вобласці. Паказаць сябе на фестывалі можна ў любым накірунку творчасці: песні, танцы, ігры на музычных інструментах, тэатральных пастаноўках — выступленні не абмяжоўваюцца ніякімі рамкамі.

Вось і сёлета юныя таленты ў чарговы раз даказалі, што ў жыцці няма межаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, калі яны ўпэўнены ў сабе, імкнуцца рэалізаваць свой творчы патэнцыял і падарыць іншым шчасце, усмешкі, добры настрой.

Арганізатары пастараліся ўсё прадугледзець, каб мерапрыемства было не толькі цікавым і вясёлым, але і камфортным для ўдзельнікаў — усюды на фестывалі дзяжурылі валанцёры, гатовыя ў любы момант прыйсці на дапамогу. Сустрэча заняла цэлы дзень: 10 аддзяленняў да абеду і столькі ж пасля. Варта зазначыць, што тут кожны быў пераможцам, бо нават проста перамагчы хваробу, падрыхтавацца і выйсці на сцэну — гэта ўжо цэлае дасягненне, а таму кожны з удзельнікаў атрымліваў памятны прыз.

Дарэчы, такія мерапрыемствы маюць вялікае значэнне для сацыяльнай адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, спрыяюць развіццю іх творчых здольнасцяў і талентаў.

Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык" Цэнтра сацыяльнага абслугоўваныя насельніцтва Дзятлаўскага раёна таксама прыняло ўдзёл у VII абласным фестывалі творчасці. Гонар аддзялення адстойвалі Віталь Крэйдзіч і Анатоль Ляпешка. Віталь — наша зорачка. Ён актыўна ўдзельнічае ў многіх абласных і раённых конкурсах, неаднаразова станавіўся іх пераможцам. На гэты раз Віталь пры музычным суправаджэнні альта выканаў песню "Музыка". Карыстаючыся выпадкам, варта выказаць словы падзякі музычнаму кіраўніку Віталя Крэйдзіча — Святлане Анатольеўне Русак за тое, што яна знаходзіць час для заняткаў, падтрымлівае свайго вучня ў цяжкія хвіліны і дапамагае яму самарэалізоўвацца.

Анатоль Ляпешка нядаўна пачаў асвойваць гітару і на фестывалі вырашыў падзяліцца з гледачамі сваімі новымі поспехамі, выканаўшы песню "Дзяцінства". Асобная падзяка яго новаму кіраўніку — Кацярыне Аляксееўне Бальшой. Дзякуючы іх агульным намаганням, старанням, упартасці, Анатоль, не маючы музычнай адукацыі, за год навучыўся спяваць і іграць на гітары.

На словах не перадаць тых эмоцый і пачуццяў, якія панавалі ў глядзельнай зале, не раз гледачы апладзіравалі са слязамі на вачах. У час выступления на сцэне Віталь і Анатоль былі ўсхваляваны і ў той жа час вельмі рады, што змаглі паказаць сябе і падарыць часцінку цеплыні сваіх сэрцаў прысутным.

Наш творчы калектыў быў узнагароджаны дыпломам камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзёнскага аблвыканкама і памятнымі падарункамі. Пры ўручэнні ўзнагародаў намеснікам начальное аддзела сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання ўпраўлення арганізацыі сацыяльнай дапамогі камітэта Вольгай Георгіеўнай Сядзельнік было ўхвалена выступление нашага аддзялення "Праменьчык". Хлопцы цудоўна трымаліся на сцэне, аднак яны і самі атрымалі зарад станоўчых эмоцый і незабыўныя ўражанні ад сустрэчы.

Таксама ў час фестывалю яго ўдзельнікаў пазнаёмілі з выставай творчых работ маладых інвалідаў, на якой было на што падзівіцца. Нават не верылася, што ўсю гэту прыгажосць стварылі людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Сярод выставачных экспазіцый дастойна была прадстаўлена і экспазіцыя "Праменьчыка", якую падрыхтавалі яго наведвальнікі разам з кіраўніком гуртка Аленай Пятроўнай Калюцік.

Пасля такіх мерапрыемстваў разумееш, што назва фестывалю — гэта яшчэ і наш дэвіз: "Калі мы разам — мы мацнейшыя!".

В. САЛАМЕВІЧ, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык" ЦСАН Дзятлаўскага раёна

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/