КАЛІ МАРЫ ЗБЫВАЮЦЦА



Зусім нядаўна газета расказала, як спонсары з Люксембурга Рэнэ і Жоэль Фіш, прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі "Сябры ахвяраў
Чарнобыля", ці проста "Сябры" , ажыццявілі мары дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльным прытулку. Праз некалькі дзён пасля гэтага, дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы "Сяброў", ужо ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна пачаў ажыццяўляцца яшчэ адзін значны сацыяльны праект.

ПРАЕКТ "ШКОЛА АРГАНІЗАЦЫІ ХАРЧАВАННЯ"

Згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2015 года №84 "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у пастанову Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2013 года №136" у аддзяленнях дзённага знаходжання для інвалідаў павінна быць ізаляванае памяшканне для ўжывання ежы, абсталяванае мэбляй, бытавой тэхнікай, падключанае да цэнтральнай сістэмы водазабеспячэння.

Па словах дырэктара Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяны Сямёнаўны Нікіпорчык, гэта пытанне да нядаўняга часу не маглі вырашыць з-за адсутнасці асобнага памяшкання і асігнаванняў. Аднак у другім квартале гэтага года пад будучую кухню вырашылі аддаць адзін з рабочых кабінетаў. Пачаўся пошук грашовых сродкаў. Гэта якраз супала з візітам на Дзятлаўшчыну "Сяброў". Пасля дзелавых перамоваў дабрачынная арганізацыя згадзілася выдзеліць грошы пад новы праект.

— Мы растлумачылі, што актуальнасць нашага праекта заключаецца ў тым, што колькасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў "Праменьчык" павялічваецца, — расказвае Таццяна Сямёнаўна. — Найчасцей гэтыя людзі адчуваюць сваю абмежаванасць з-за непрызвычайнасці да паўнацэннага жыцця. Сацыяльная неабароненасць праяўляецца і ў няўменні карыстацца бытавой тэхнікай, гатаваць сабе ежу самастойна. Многія сем'і і самі не падазраюць, што гадуюць утрыманцаў, выконваючы за інвалідаў самую элементарную хатнюю работу. Гэта стварае бар'ер паміж людзьмі з асаблівасцямі, членамі іх сем'яў, грамадствам. Мы ў сваю чаргу ўсімі спосабамі спрыяем інтэграцыі інвалідаў у грамадства, дапамагаючы ім набыць неабходныя навыкі.

Мэта нашага праекта "Школа арганізацыі харчавання" - аказаць садзеянне ў сацыяльна-бытавой рэабілітацыі інвалідаў, у аднаўленні або кампенсацыі парушаных ці страчаных імі з-за хваробы здольнасцяў па самаабслугоўванні і падрыхтоўцы да самастойнага жыцця. На новай кухні мы збіраемся вучыць маладых інвалідаў карыстацца бытавой тэхнікай пры гатаванні ежы і арганізоўваць правільнае, карыснае для здароўя харчаванне. Да супрацоўніцтва будзем заклікаць валанцёраў, якія навучаць людзей з асаблівасцямі кулінарнай справе, дадуць ім навыкі здаровага харчавання. Пастараемся паспрыяць выхаванню ў маладых інвалідаў і членаў іх сем'яў культуры харчавання. У якасці валанцёраў будуць людзі пажылога ўзросту, студэнты і навучэнцы. Упэўнена, што наш праект дапаможа палепшыць узровень жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У наведвальнікаў "Праменьчыка" з'явіцца не толькі новае захапленне, але і магчымасць паўнацэнна харчавацца ў абед, бо ў Цэнтры яны знаходзяцца цэлы дзень.

Рэнэ Фіш пацвердзіў, што ідэя новага праекта "Сябрам" спадабалася:
— Мы не першы год працуем з Таццянай Нікіпорчык, і яна заўжды падае нам добрыя ідэі, якія дапамагаюць змяніць да лепшага жыццё многіх людзей. Нашай арганізацыі важна супрацоўнічаць менавіта з Таццянай. Гэта дзелавыя адносіны, пабудаваныя на поўным даверы.

Дабрачыннай арганізацыя "Сябры ахвяраў Чарнобыля" набыла для Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна нёабходныя для кухні будматэрыялы, мэблю, бытавую тэхніку (халадзільнік, мульціварку, электрапліту, электрачайнік). Яшчэ адзін халадзільнік "Сябры" падарылі аддзяленню кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў гарадскога пасёлка Казлоўшчына.

ДА БАБУЛЯЎ I ДЗЯДУЛЯЎ HA СВАІМ ТРАНСПАРЦЕ

Даведаўшыся пра будні сацработнікаў, якім даводзіцца за дзень пераадольваць не адзін дзясятак кіламетраў, каб дапамагчы пажылым людзям, "Сябры" вырашылі палегчыць ім працу. 10 новых веласіпедаў — яшчэ адзін іх падарунак Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Гэта значыць, што "службовыя транспартныя сродкі" атрымалі 10 жанчын-работніц. Ім стане лягчэй і хутчэй дастаўляць прадукты і лекі сваім падапечным — адзінокім бабулям і дзядулям. Сацработніцы змогуць больш часу патраціць на дапамогу пажылым людзям, сэканоміўшы яго ў дарозе.

Па словах Рэнэ і Жоэль, у Люксембургу работнікам сацыяльнай службы, якія абслугоўваюць на даму па 5 чалавек, выдзяляюць службовыя аўтамабілі. Дзяржава таксама клапоціцца аб пажылых адзінокіх грамадзянах і інвалідах. Іх наведваюць камісіі, высвятляюць, якая менавіта дапамога патрэбна канкрэтнаму чалавеку. Такія людзі могуць у спецыялізаваных магазінах па невялікіх цэнах набываць прадукты харчавання. Для іх існуюць установы, дзе можна падабраць усе неабходнае адзенне сэканд хэнд. Працуюць аддзяленні для інвалідаў рознага ўзросту, дзе яны маюць магчымасць сустракацца, цікава бавіць час, майстраваць розныя вырабы на продаж.

ЦЕПЛАЕ PA3BITAHHE

Каб аддзячыць "Сябрам" за спонсарскую дапамогу, дзятлаўчане сабралі для іх невялікія падарункі. Адміністрацыя ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод", даведаўшыся пра матэрыяльную падтрымку, аказаную сацыяльным установам райцэнтра замежнымі гасцямі, сабрала для іх падарункавы набор прадукцыі і сувеніраў пад брэндам "Сырная страна". Кошык беларускіх гасцінцаў і сувеніры, зробленыя сваімі рукамі, падарылі "Сябрам" работнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Напрыканцы дабрачыннага візіту Рэнэ і Жоэль Фіш запрасілі яшчэ раз наведаць сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава. Дырэктар установы Ала Аркадзьеўна Жэгалік падрыхтавала для спонсараў сюрпрыз. Справа ў тым, што напярэдадні для добраўпарадкавання тэрыторыі гэтай ўстановы "Сябры" набылі некалькі маладзенькіх туяў. У гонар плённага пяцігадовага супрацоўніцтва Ала Аркадзьеўна прапанавала Рэнэ j Жоэль самім высадзіць дрэўцы. Дырэктар цэнтра выказала спадзяванне, што яшчэ не раз яны сустрэнуцца са спонсарамі на дзятлаўскай зямлі, і ў час кожнага візіту Рэнэ і Жоэль змогуць назіраць, як падрастаюць іх туі.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/