КАЛЕЙДАСКОП ТАЛЕНТАЎ



У народзе пра таленавітых людзей кажуць, што яны таленавітыя ў многім. Прыклад таму — Наталля Губко, майстар канзашы з Хвінявічаў. Канзашы — гэта толькі адно з захапленняў гэтай жанчыны.

Умее яна яшчэ плесці з бісеру і газетных трубачак, вышываць крыжыкам, вырабляць дэкаратыўныя рэчы са звычайных пластыкавых бутэлек і лыжак. I нават шышкі — альховыя, яловыя і сасновыя — у руках майстра становяцца матэрыялам для стварэння дэкаратыўных кампазіцый.

Як лічыць сама Наталля, цяга да творчасці і рукадзелля дасталася ёй у спадчыну ад мамы, якой ужо, на жаль, няма ў жывых.

— Усё свае жыццё мама працавала ў калгасе, — расказвае Наталля, — была даяркай на мясцовай ферме ў Раманавічах. У яе былі залатыя рукі. Яна вышывала і вязала кручком, спіцамі, прала і ткала. Памятаю, што ў школьным узросце спрабавала ткаць і я. У мяне гэта атрымлівалася.

Наталля нарадзілася ў вёсцы Калпінскія. Калі дзяўчынцы споўнілася шэсць гадоў, сям'я пераехала ў Раманавічы, дзе цяпер жыве бацька Наталлі.
Сама Наталля ўжо шмат гадоў разам з мужам жыве ў Хвінявічах. Працуе вартаўніком у мясцовай школе. Наведвае дэкаратыўны гурток у мясцовым Доме культуры.

Да ўсяго гэтага варта дадаць, што Наталля яшчэ і выдатная гаспадыня, у доме якой заўжды пануе чысціня і парадах.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/