Каб не позна было каяцца



Ha чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны адміністрацыйныя пратаколы, пытанне аб магчымасці вяртання дзіцяці, прызнанага маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і хадайніцтвы аб прыняцці мераў да бацькоў непаўналетніх, якія належным чынам не выконваюць свае абавязкі.

Камісія звярнулася ў суд

Шэсць месяцаў таму сына гора-бацькоў паўторна прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. За час знаходжання хлопчыка ў сацыяльным прытулку камісія па справах непаўналетніх райвыканкама некалькі разоў разглядала пытанне аб магчымасці вяртання яго ў сям'ю, аднак прыняць станоўчае рашэнне так і не змагла. У адсутнасць дзіцяці бацькі доўгі час прадаўжалі ранейшы лад жыцця: злоўжывалі спіртнымі напоямі, паспелі пасварыцца, раз'ехацца і з'ехацца зноў. Літаральна ў апошнія тыдні перад прыняццем рашэння аб вяртанні сына бацька прайшоў лячэнне ад алкагольнай залежнасці, аднак пасля гэтага яго двойчы заўважалі п'яным на рабоце. Маці мае захворванне, якое перашкаджае ёй выконваць бацькоўскія абавязкі, у хуткім часе жанчына будзе праходзіць курс лячэння. Спецыялісты адказных службаў сцвярджаюць, што вяртаць сына немэтазгодна, паколькі бацькі не здолелі справіцца з крытычнай сітуацыяй у сям'і. Члены камісіі па справах непаўналетніх прынялі рашэнне накіраваць дакументы ў суд, які прыме канчатковае рашэнне: пазбавіць бацькоў правоў на дзіця ці не.

Папярэджваць трэба загадзя

На бацькоў непаўналетняга складзены адміністрацыйныя пратаколы з-за тага, што не забяспечылі суправаджэнне сына ў позні час. Пасля 24 гадзін на вуліцы Чапаева райцэнтра пятнаццацігадовага падлетка затрымала міліцыя. Дарэчы, дахаты ён вяртаўся ў суправаджэнні паўналетняга сябра, у якога і правёў вечар, засядзеўшыся дапазна. Аднак пры размове з праваахоўнікамі старэйшы хлопец сказаў, што яму не даручалі суправаджаць малодшага.

На пасяджэнні камісіі па управах непаўналетніх райвыканкама маці затрыманага падлетка расказала, што сын часта бывае ў сябра, той не раз суправаджаў яго, аднак цяпер, відаць, выйшла непаразуменне. Сын дахаты званіў, папярэдзіў, што ідуць, але жанчына канкрэтна не даручыла адказнасць за яго паўналетняму юнаку.

Паколькі падлетак упершыню парушыў патрабаванне заканадаўства, станоўча характарызуецца ў школе, яго бацькоў папярэдзілі аб недапушчэнні падобных здарэнняў у далейшым.

А пад дрэвам -"Крыніца"

Два адміністрацыйныя пратаколы складзены на сямнаццацігадовага навучэнца Слонімскага прафесійна-тэхнічнага ліцэя. Першы - за тое, што піў піва ў грамадскім месцы, другі - за тое, што гуляў па горадзе п'яны.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама юнак прызнаўся, што сапраўды выпіў паўтара літра "Крыніцы", аднак так і не сказаў, дзе ўзяў спіртное. Версій называў некалькі: то знайшоў бутэльку на вуліцы пад дрэвам, то піва яму купіў незнаёмец.

Юнаму аматару алкаголю члены камісіі прызначылі пакаранне ў выглядзе штрафаў: па дзве базавыя велічыні за кожнае адміністрацыйнае парушэнне.

Скарыстацца апошнім шанцам

Раней дзяўчыну-падлетка, якая гадуецца ў сацыяльна небяспечнай сям'і, два разы прызнавалі маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Toe, што цяпер яна жыве дома, можна лічыць апошнім шанцам для бацькоў. Аднак дарослыя не часта пра гэта ўзгадваюць: злоўжываюць алкаголем, маці дазваляе сабе некалькі дзён не выходзіць на работу з-за канфлікту, у той час як сям'я мае запазычанасць за электраэнергію. Старэйшы сын жанчыны таксама схільны да ўжывання спіртнога, у доме ён не зарэгістраваны, тым не менш, можа не пускаць на парог спецыялістаў службаў прафілактыкі.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама гора-маці папярэдзілі, што, калі сітуацыя ў сям'і не выправіцца і дарослыя не пройдуць лячэнне ад алкагольнай залежнасці, яны страцяць шанц гадаваць дачку.

Асаблівае дзіця - асаблівы клопат

Ужыванне алкаголю, беспарадак у доме, няўважлівасць бацькоў да стану здароўя асаблівага дзіцяці - асноўныя прычыны сацыяльнага недабрабыту, з-за якіх жанчыну выклікалі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. 3 гэтымі прэтэнзіямі гора-маці не згодна. Скардзіцца, што сям'я даўно марыць палепшыць умовы пражывання, але пакуль гэта не атрымліваецца, што менавіта з-за сырасці дома трэба часта рабіць рамонты. У жанчыны цікавяцца, ці пазбавілася яна ад пустых бутэлек і ці па-ранейшаму да іх у госці ходзяць асобы асацыяльных паводзінаў. Маці запэўнівае, што ўсё ў парадку.

Тым не менш, старэйшы сын жанчыны даўно жыве ў бабулі і дзядулі, бо адносіны з хлопцам не можа наладзіць айчым (бацька малодшых дзяцей). Суседзі сцвярджаюць, што для мужчыны ўласцівы агрэсіўны стыль паводзінаў. Гэта насцярожвае спецыялістаў службаў прафілактыкі, якія непакояцца за стан здароўя дзіцяці-інваліда. Члены камісіі цікавяцца ў жанчыны, ці збіраецца яна везці хлопчыка на аперацыю, бо дактары робяць станоўчыя прагнозы наконт паляпшэння яго фізічнага стану. Маці расказвае, што ўжо амаль поўнасцю прайшлі медкамісію. Жанчыне нагадваюць таксама, што малодшую дачку трэба вадзіць у дзіцячы сад - яна згодна ківае. Далей размова заходзіць аб набалелым - злоўжыванні алкаголем. Гора-маці расказвае, што ўжо запісалася на кадзіроўку. Ёй тлумачаць, што пачаты збор дакументаў на прызнанне дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і калі патрабаванні камісіі не будуць выкананы ў поўным аб'ёме, яны з мужам стануць абавязанымі асобамі.

Не разумела сур'ёзнасці сітуацыі

Менавіта суд будзе вырашаць, ці пазбаўляць гэту маці бацькоўскіх правоў. Раней жанчына ўжо аднаўлялася ў бацькоўскіх правах, але гэта не паслужыла для яе урокам. Шэсць месяцаў таму дзяцей зноў прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, апеку над імі асрормілі дзядуля і бабуля. Маці амаль увесь гэты час жыла на Віцебшчыне, мяняла адрасы, не працавала. Жанчына выдатна разумев, што на пасяджэнне камісіі яе заклікалі не для таго, каб вярнуць дзетак. Адзінае, што ёй застаецца, - вырашаць праблему ў судзе.

Аляксандр ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты "Перамога", член камісіі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/