Дзятлаўскае ДРБУ-119 з пачатку красавіка пачало капитальны рамонт аўтадарогі "Хадзяўляны-Міроўшчына-Руда Яварская".
На участку паміж вёскамі Накрышкі і Раманавічы аўтамабілям ездзіць не так проста: ямы, шчэбень і шмат пяску. Хуткасць вадзіцелі легкавікоў зніжаюць да мінімуму, каб не пашкодзіць транспарт і засцерагчы сябе.
Цяпер участак рамонту агароджаны часовымі дарожнымі знакамі, а на абочынах дарог - калочкі са спецыяльнымі гарызантальнымі планкамі. Да гэтых планак павінна "дастаць" асфальта-бетоннае пакрыццё, якое хутка пачнуць класці работнікі ДРБУ-119.
Уздоўж дарогі павольна ездзіць грэйдар. Якую работу на ім выконваюць?
- Грэйдар працуе па зняцці расліннага грунту. Палатно даводзіцца да патрэбных параметраў, а потым грунт вяртаецца назад, - тлумачыць галоўны інжынер ДРБУ-119 Аляксей Гірык.
Па іншы бок дарогі - экскаватар, які капае кюветы, водаадводныя каналы. Экскаватар суправаджае самазвал, каб везці грунт з кюветаў. Лінейныя работы праводзіць без дапамогі колавых агрэгатаў немагчыма: перад дарожнікамі стаіць вялікі аб'ём задач.
Па тэрмінах, як адзначыў галоўны інжынер Дзятлаўскага дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення, на палове участка падрыхтоўку пад асфальт трэба зрабіць да сярэдзіны красавіка.
- Ужо прыкладна праз два месяцы можна будзе ездзіць па асфальце, - запэўніў Аляксей Гірык.
Па шырыні земляное палатно плануецца зрабіць 10-метровым: 7 метраў асфальту, астатняя частка - абочыны з пясчана-жвіровага пакрыцця.
Акрамя лінейнай працы, будзе выконвацца і засяроджаная. Напрыклад, плануецца дэманціраваць водапрапускную жалезабетонную трубу.
Таксама работнікі ДРБУ-119 з дапамогай грэйдара прафілявалі ўчастак дарогі, якая вядзе да Данілавіцкага кар'ера.
Юлія БАКУНОВІЧ
Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/