Інтэлектуальны рынг. Другое месца



У Міжнародны дзень сляпых у Гродзенскай абласной арганізацыі грамад-скага аб'яднання "БелТІЗ" адбылася штогадовая сустрэча невідушчых і слабавідушчых эрудытаў.

На імправізаваны "Інтэлектуальны рынг" выйшлі сем каманд, сярод якіх былі як вопытныя знатакі, так і дапытлівыя навічкі. Дэбютавала ў гульнях і зборная каманда Дзятлаўскай і Бераставіцкай раённых арганізацый грамадскага аб'яднання "БелТІЗ" пад назвай "Квінтэт".

Кожнай з каманд, у складзе якіх было па пяць ігракоў, давялося прыняць удзел у некалькіх віктарынах, сярод якіх былі "Размінка", "БрэйнРлато", "Музычная шкатулка", "Веру - не веру", "Што? Дзе? Калі?". За тры гадзіны інтэлектуалы адказалі больш чым на 75 пытанняў з розных галінаў ведаў, а салісты народнай эстраднай студыі "Забава" Гродзенскага каледжа мастацтваў разраджалі напружаную атмасферу музычнымі паўзамі паміж турамі.

Па выніках усіх пяці раўндаў каманда "Квінтэт" у складзе Уладзіміра і Людмілы Цыбулькаў, Канстанціна Дораша, Віталя Крэйдзіча і яго жонкі Анастасіі Паўлючэнкавай заняла другое месца, не дабраўшы да перамогі ўсяго чатыры балы. Журы пад старшынством арганізатара Гродзенскага інтэлектуальнага клуба Максіма Сыроваткіна ўручыла пераможцам дыпломы і каштоўныя прызы.

Святлана КРЭЙДЗІЧ, член раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "БелТІЗ"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/