I водзіць сэрца пэндзлем па паперы



У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі 7 лютага адбылося адкрыццё выставы "Мастакі роднай зямлі", якая прысвечана Году малой радзімы. На ёй прадстаўлены работы дзевяці нашых землякоў, прафесійных мастакоў і мастакоў-аматараў.

Выстава была запланавана даўно, сталася сапраўдным праектам па выяўленні талентаў нашай роднай Дзятлаўшчыны, наладжванні сяброўскіх адносін з людзьмі, што ўвасабляюць прыгажосць роднйіх мясцін на палотнах.

У выставачнай зале можна ўбачыць работы прафесійных мастакоў Івана і Юрыя Козелаў, якія асноўнай тэмай сваіх карцін выбіраюць запаведныя мясціны Дзятлаўшчыны: касцёл, царкву, вуліцы горада, пейзажы ваколіц Дзятлава і вёскі Гнаінскія, дзе жыве іх мама. Для Алеся Квяткоўскага Дзятлаўшчына стала другой радзімай, ён тут часта бывае ў розныя поры года, любіць пераносіць на свае палотны прыроду ў ваколіцах вёскі Гузні.

Віктар Жылянін, выкладчык Гезгалаўскага аддзялення Дзятлаўскай школы мастацтваў, стварае цудоўныя акварэлі, малюе пастэллю, алеем. Жанна Лукашэня, таксама выкладчык Дзятлаўскай школы мастацтваў, жанчына незвычайна таленавітая і захопленая. Яна працуе ў розных тэхніках: модульнае арыгамі, вышыўка, роспіс камянёў. Мастачка актыўна выкарыстоўвае напырск, монатыпію, флоратыпію, гратаж, кляксафафію. Любіць філіграннасць, скрупулёзную лрамалёўку дробных дэталяў.

Анжэла Латушка - мастачка, якая працуе ў традыцыйным рэалістычным стылі, а таксама выконвае работы рознай ступені складанасці з натуральней скуры, неаднаразова ўдзельнічала ў "Славянскім базары" ў Віцебску.

Ёсць на выставе і працы мастакоў-аматараў. Гэта карціны Анатоля Кардаша з Наваельні. Юрыст па адукацыі, ён пачаў пісаць амаль у сорак гадоў. Піша алеем у стылі "Беларускі імпрэсіянізм". На палотнах - незабыўныя куточкі роднай зямлі, дзіўна прыгожыя мясціны на беразе ракі Ятранкі побач з Наваельняй.

Прадстаўлены таксама работы былой настаўніцы гісторыі гімназіі №1 горада Дзятлава Жанны Нагавонскай, якая вывучала тэхнікі выяўленчага мастацтва самастойна па кнігах і малюе з такой захопленасцю, што яе палотны паўтараюць работы лепшых майстроў беларускага і сусветнага жывапісу.

Асаблівай увагі заслугоўваюць карціны Аркадзя Сокала, настаўніка Дварэцкай школы, ён піша толькі алеем і толькі на палатне. Піша тое, што любіць, што захапляе. Апошнім часам Аркадзь Мяфодзьевіч з задавальненнем займаецца разьбой па дрэве.

Спадзяемся, што працы нашых землякоў прывабяць наведвальнікаў цудоўнай палітрай фарбаў і разнастайнасцю тэхнік.
Выстава будзе працаваць да канца лютага.

Алена АБРАМЧЫК, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/