І сняцца афганскія вёрсты



Шмат часу прайшло з той пары, калі скончылася вайна ў Афганістане. Праз цяжкія выпрабаванні прайшлі тысячы салдат і афіцэраў. 3 Дзятлаўскага раёна выконваць інтэрнацыянальны абавязак было адпраулена больш за сто чалавек. Сярод іх - наш зямляк, ураджэнец вёскі Малая Палонка Валерыи Івашка.

Жыве Валерый Станіслававіч у гарадскім пасёлку Наваельня. Усё жыццё гэтага чалавека звязана з тэхнікай. Пасля заканчэння школы Валерый Івашка паступіў вучыцца ў Казлоўшчынскае вучылішча на спецыяльнасць "вадзіцель-аўтаслесар", а ў 1988 годзе быў прызваны на службу ва Узброеныя Сілы.

У тыя часы даводзілася служыць далека ад дома, і Валерыя накіравалі ў далёкі Узбекістан. Курс мала дога байца праходзіў недалёка ад горада Тэрміз, пасля пяці месяцаў "вучэбкі" лёс закінуў яго ў Афганістан. Валерый івашка служыў у мотастралковым батальёне вадзіцелем БТР-80. Служба праходзіла ў ваколіцах горада Кабула. Толькі вера, мужнасць і смеласць дапамаглі маладому хлопцу вынесці тыя жахі, якія выпалі на яго долю.

Батальён, у якім служыў Валерый Станіслававіч, быў выведзены з Афганістана 13 лютага 1989 года, але тэрмін службы яшчэ не скончыўся, таму ён зноў працягнуў службу ва Узбекістане, цяпер ужо ў пасёлку Учкезу. За выкананне
свайго воінскага абавязку Валерый Івашка ўзнагароджаны медалём "Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа".

Пасля вайсковай службы Валерый Станіслававіч вярнуўся на радзіму, дзе яго чакалі бацькі і сястра. Ажаніўся, мае дваіх дзяцей. Спачатку ўладкаваўся на працу ў мясцовы калгас імя К. Заслонава вадзіцелем, потым - на Дварэцкі льнозавод. Пазней, у 1995 годзе Валерыю Івашку прапанавалі стаць ратаўніком на пажарным аварыйна-выратавальным пасту гарадскога пасёлка Наваельня. Праца прыйшлася яму па душы. Службе ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях Валерый Станіслававіч прысвяціў больш за дваццаць гадоў. Зараз ён на заслужаным адпачынку, але поўнага энергіі Валерыя Івашку складана назваць "пенсіянерам", ды ён і не сядзіць дома, а прадаўжае сваю працоўную дзейнасць.

Цяпер Валерый Станіслававіч - вадзіцель пажарнага аўтамабіля Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў. Калі выпадае свабодная хвіліна, любіць пабыць у цішы, на прыродзе.

Хутка бяжыць час. Боль ад перажытага слабее, але ўсё зноў паўстае перад вачамі падчас сустрэч з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Кожны год яны збіраюцца на мітынг каля помніка, які размешчаны ў Дзятлаве, каб ушанаваць памяць сяброў і землякоў Юрыя Бяляткі, Аляксандра Шылава, Дзмітрыя Лазовіка. Для маладых байцоў яны прыклад стойкасці і самаадданага служэння Айчыне.

Марта МІЛАШ, старшы інспектар Дзятлаўскага РАНС

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/