I. РЭГІНЕВІЧ: " АКТЫЎНА ІДУЦЬ ПЕРАПРАЦОЎКА I ЗБЫТ ПРАДУКЦЫІ"



Па вытворчых паказчыках ААТ "Боркаўскі крухмальны завод" у ліку лепшых прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны. Напярэдадні прафесійнага свята перапрацоўшчыкаў сельскагаспадарчай прадукцыі карэспандэнтка газеты сустрэлася з дырэктарам завода I. В. Рэгіневічам, каб даведацца, як удаецца трымаць планку, ці актыўна сёлета ідзе нарыхтоўка бульбы і як адбываецца перапрацоўка "другога хлеба" ў нашым раёне.

— Іван Вінцэнтавіч, колькі бульбы ўжо нарыхтавалі?
— 2016 год паспяховы для нашага прадпрыемства. Увесну мы нарыхтавалі 5,5 тысячы тон бульбы. Цяпер — яшчэ 11 тысяч тон клубняў новага ўраджаю. Гэта лічба ўжо вышэйшая за мінулагоднюю. Працаваць плануем да канца года, у студзені-лютым збіраемся стаць на рамонт, адпусціць работнікаў у водпуск, а з сакавіка зноў пачнём веснавую нарыхтоўку. Праўда, у сувязі з умовамі надвор'я крухмалістасць клубняў сёлета ніжэйшая за леташнюю прыкладна на паўтары адзінкі. Справа ў тым, што ў час вегетацыі бульбы было дажджлівае надвор'е, а крухмал назапашваецца на сонцы. Такое назіраецца па ўсёй рэспубліцы.
— Хто вашы асноўныя пастаўшчыкі?
— Па-ранейшаму гэта сельгаскааператывы нашай сыравіннай зоны: Дзятлаўскага і суседніх Навагрудскага, Карэліцкага раёнаў. Таксама бульбу нам пастаўляюць гаспадаркі Брэсцкай вобласці — Баранавіцкага, Івацэвіцкага раёнаў. Паколькі на Міншчыне сёлета перавытворчасць "другога хлеба", а ў нас прывабная цана, то зацікавіліся і іх бульбаздатчыкі. Згодна з заключанымі дамовамі, мы прымаем клубні па 9 капеек за кілаграм ад базісу 15 (крухмалістасць) ад гаспадарак Гродзеншчыны. Ад гаспадарак іншых абласцей — па 7 капеек ад базісу 15. Ад прыватных асобаў прымаем клубні па 6 капеек за кілаграм і разлічваемся на працягу 15 дзён. Сярэдняя цана на бульбу па рэспубліцы сёлета 4-5 капеек. Таму прыватныя бульбаздатчыкі з іншых рэгіёнаў таксама зацікаўлены здаць клубні ў нас.
— Ці паспяваеце перапрацоўваць?
— Сёлета перапрацоўваем бульбу, як кажуць, з колаў і практычна адразу высушваем крухмал-сырэц. 3 верасня прадпрыемства працуе кругласутачна, без святаў і выхадных, каб паспець за сезон нарыхтоўкі. За суткі ў сярэднім перапрацоўваем 150-160 тон бульбы, выпускаем 20 тон гатовай прадукцыі. Мы ўстанавілі 4 дадатковыя ёмістасці для размыву крухмалу, што дазволіла павысіць прадукцыйнасць працы, якасць гатовай прадукцыі. Дарэчы, упершыню за апошнія 15 гадоў абыходзімся работнікамі з ліку мясцовага насельніцтва і не запрашалі на сезонныя работы жыхароў Століншчыны.
— А як справы з рэалізацыяй крухмалу?
— Выдатна, як ніколі раней. Павышаны попыт на крухмал назіраецца з ліпеня гэтага года. У сувязі з чым геаграфія збыту гатовай прадукцыі ў нас значна пашырылася. Экспартуем крухмал у Расію, Украіну, Малдову, Арменію, Казахстан, Таджыкістан, Азербайджан. Цікавіліся магчымасцю набываць нашу прадукцыю гандлёвыя прадстаўнікі з Карэі, Кітая, В'етнама. Яшчэ ААТ "Боркаўскі крухмальны завод" выйграў тэндар на пастаўку 500 тон крухмалу для ААТ "Беларуськалій". Рэнтабельнасць ад продажу гатовай прадукцыі для прадпрыемства на сёння складае 15%, але хацелася б больш. Якасць прадукцыі ў нас даволі высокая, аб чым сведчаць узнагароды. У 2015 годзе на Дні якасці "Бульба-2015", удзел у якім прымалі прадстаўнікі з Беларусі, Расіі, Украіны, мы сталі пераможцамі намінацыі "Вышэйшы сорт — крухмал бульбяны". Сёлета, выступіўшы ў той жа намінацыі, былі ўзнагароджаны дыпломам за другое месца.
— У якой упакоўцы можна сустрэць вашу прадукцыю?
— На паліцы магазінаў трапляе наш крухмал у папяровых пакетах па паўкілаграма і кілаграму. Такая фасоўка зручная для звычайных пакупнікоў. А тыя, хто спажывае нашу прадукцыю ў прамысловых маштабах, аддаюць перавагу папяровым мяхам па 25 кілаграмаў на палетах, а таксама поліпрапіленавым мяхам па 40 кілаграмаў на палетах, пры гэтым найбольш зручнай спажыўцы лічаць менавіта папяровую ўпакоўку.
— Якія змены адбыліся на заводзе за апошні час?
— Мы зрабілі рамонт фасада асноўнага корпуса завода, выканалі рэканструкцыю складскіх памяшканняў з заменай даху, капітальна адрамантавалі і пераабсталявалі пад складское памяшканне будынак былой кацельні, адрамантавалі душ, зрабілі бытавое памяшканне, заасфальтавалі тэрыторыю завода, у вытворчых памяшканнях замянілі вокны на ПВХ, у складскіх памяшканнях і ў цэнтрафуговачным цэху зрабілі наліўную падлогу. У вытворчых цэхах правялі належны капітальны рамонт з частковай заменай асноўных вузлоў і агрэгатаў. Таксама за апошнія 5 гадоў мы поўнасцю аднавілі аўтапарк завода. Садзейнічанне ў выкананні рамонту нам аказвала ААТ "Дзятлаўская сельгастэхніка", яно ж зрабіла для завода мыйку.
— Іван Вінцэнтавіч, раскажыце яра калектыў прадпрыемства.
— Выніковай работай нашага калектыву, а гэта 32 чалавекі, я вельмі задаволены. У час рамонту работнікі не лічыліся з уласным часам, працавалі дружна, якасна, не дапусцілі пазаштатных сітуацый. Старанна працуе калектыў завода і цяпер. На адказныя месцы мы падрыхтавалі рэзервы кваліфікаваных спецыялістаў, ёсць замяняемасць кадраў. Усе поспехі — наша агульная заслуга. Хачу асабліва адзначыць работу інжынера Сяргея Кандзеранды, вынікова працуюць сушыльшчыкі Алег Шыпараў, Андрэй Якшук, гідрацыклоншчыкі Часлаў Якаўчык, Міхаіл Жылінскі, Іван Касцюшка, тэхнік-хімік Ірына Якшук, трактарыст-машыніст Станіслаў Плюта і многія іншыя. Наогул, пахваліць можна кожнага работніка завода, усе стараюцца, яшчэ раз паўтару, што вельмі задаволены нашым калектывам.
— А якія планы надалей?
— Каб павялічыць аб'ёмы перапрацоўкі бульбы, збіраемся набыць больш магутную гідрацыклонную ўстаноўку, якая дазволіць выйсці на 300 тон перапрацоўкі клубняў за суткі. Пакуль у нас працуе ПГУ-200, магутнасць якой значна меншая. Людскія рэсурсы дазваляюць працаваць больш вынікова, значыць будзем удасканальваць тэхналагічную базу.
— Якія пажаданні да прафесійнага свята?
— Усім сельгасвытворцам жадаю багатых ураджаяў і спрыяльнага надвор'я. Калектыву завода і калегам па перапрацоўцы — моцнага здароўя, стабільнасці, дастатку. Нашай Дзятлаўшчыне — працвітання і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/