He маем права забыць



Ёсць падзеі, даты, імёны людзей, якія ўвайшлі ў гісторыю горада, краю, краіны і нават у гісторыю ўсёй планеты. Пра іх пішуць кнігі, складаюць вершы, музыку, здымаюць кіно. Галоўнае ж — пра іх памятаюць. I гэта памяць перадаецца з пакалення ў пакаленне, не дае адысці ў нябыт далёкім дням і падзеям. Адной з такіх падзеяў стала Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гадоў. Памяць пра яе павінен захаваць кожны.

Памяць вайны. Гэта боль, пе-ражыты народам за доўгія 1418 дзён. Гэта страты і ахвяры, гераічная барацьба не на жыццё, а на смерць, цяжкія дарогі выпрабаванняў. Памяць пра мінулае — гэта не проста ўласцівасць чалавечай свядомасці, здольнасць зберагчы след былога. Памяць - гэта злучальнае звяно паміж мінулым і будучым. Яна заклікае, пераконвае, папярэджвае, дае сілы і абуджае веру.

У даўнія часы казалі: "Калі вайну забываюць — пачынаецца новая". Таму мы не маем права забыць подзвігі нашага народа. Мы, вучні Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы, займаемся пошукавай дзейнасцю, збіраем звесткі аб гераічных падзеях мінулай вайны на нашай тэрыторыі, аб воінах-земляках, вязнях канцэнтрацыйных лагераў.

Вучні наведалі былога вязня Веру Андрэеўну Пышко, запісалі яе ўспаміны. Вось пра што яна нам расказала:
— Летнім днём 1942 года фашысты наладзілі аблаву ў нашай вёсцы. Сілай загналі нас на машыны. Мы думалі, што павязуць расстрэльваць, аднак везлі вельмі доўга. Многа давялося ісці пешшу. Дарога была пакутлівай і доўгай. Здавалася, ей не будзе канца, і мы ніколі не дойдзем да месца, дзе можна адпачыць і сагрэцца. Пакуты, слёзы, кроў былі навокал. Тут не было ніводнага шчаслівага чалавека, ніводнай усмешкі на твары. Толькі стогны і плач. Ногі падкошваліся, хацелася ўпасці і не рухацца, але маладосць перамагала стому, мне ж тады было 23 гады.

Аказаліся ў Германіі. Работа была цяжкая. Працавала на заводзе, дзе выраблялі гільзы і снарады. Таксама даводзілася мыць бялізну. На руках не заставалася жывога месца: цякла кроў, не згіналіся пальцы. Аднойчы адмовіліся мыць. Тады нас завялі ў лес, дзе на бярозах мацаваліся вісельні. Прыйшоў камендант, сказаў, што на першы раз нам даруюць. Засталіся жывыя.

У суткі давалі па 150-200 грамаў хлеба ды па місцы баланды. Есці хацелася заўсёды, але не паскардзішся, не папросіш, бо будзеш пакараны. Нагараваліся. Вельмі хацелася дахаты, у родную вёску. Мара збьілася толькі вясной 1945 года.

Калі мы слухалі аповед Веры Андрэеўны, на вочы набягалі слёзы. Вайна ва ўсіх звязана з цяжкімі ўспамінамі: хтосьці страціў сям'ю, хтосьці — блізкага чалавека, хтосьці — маладосць.

Я жыву пад мірным небам, не ведаючы клопатаў і бяды. Я пажыццёва абавязана тым, хто адваяваў такое жыццё. Шануйце яго, бо заплачана вялікая цана — мільёны чалавечых жыццяў. А памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны не згасне ніколі.

А. ШТЭЙЗЕЛЬ, навучэнка Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/