Граніт-Aгpa" адсвяткаваў "Дажынкі"



4 жніўня свята "Дажынкі" сабрала працаўнікоў ААТ "Граніт-Агра" і гасцей аграгарадка Круцілавічы на цэнтральнай святочнай пляцоўцы.

Жартоўныя кампазіцыі аграрыяў, выстава вытанчаных караваяў, ветлівыя гаспадыні-вядучыя стваралі асаблівы настрой перад пачаткам свята.

Распачалі мерапрыемства вітальнымі словамі вядучыя. Яны павіншавалі гасцей і ўдзельнікаў свята з заканчэннем жніва і адзначылі, што хлеб - гэта. золата. Павага да хлеба - гэта шчырая павага да працы рук хлебаробаў. Кожная ўзятая імі тона, кожны пройдзены гектар - гэта іх маленькая перамога, якая ўносіць вялікі уклад у агульны хлебны каравай, такі важны для нашай краіны.

Пад бадзёрую музыку апладысментамі сустракалі госці свята калону ўдзельнікаў жніва.
3 хлебам-соллю завіталі на галоўную пляцоўку свята тыя, чыя праца дастойная самых цёплых і самых удзячных слоў -хлебаробы.

Узначальвалі калону пераможцы жніва-2018 у ААТ "Граніт-Агра", якія першымі ў раёне размянялі тысячны рубеж -
сямейны экіпаж Уладзіміра і Івана Гукішаў, а таксама хлебаробы-тысячнікі: сямейныя экіпажы Уладзіміра і Івана Чарняўскіх, Дзмітрыя і Сяргея Жыхоў. Усяго ў гаспадарцы ў час жніва былі задзейнічаны 12 экіпажаў камбайнераў. Працягвалі калону вадзіцелі-тысячнікі, якія працавалі на адвозцы збожжа ад камбайнаў, - Андрэй Гулецкі, Казімір Рысюк, Аляксандр Бакей.

У складзе калоны ішлі працаўнікі агранамічнай службы на чале з галоўным аграномам Антонам Тарасевічам, супрацоўнікі інжынернай службы пад кіраўніцтвам Андр'эя Падліпскага, а таксама дыспетчары, запраўшчыкі, кладаўшчыкі, повары.
Са словамі вялікай падзякі, шчырых віншаванняў да хлебаробаў і тых, хто ім дапамагаў, звярнуліся старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых, дырэктар ААТ "Граніт-Агра" Станіслаў Мазур, ксёндз-пробашч парафіі Святой Троіцы ў Стараельні Віктар Захарэўскі.

Яны падзякавалі хлебаробам за актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі, за пленную працу, адказнасць. Працоўныя дасягненні ўдзельнікаў жніва былі адзначаны дыпломамі, грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі.

Працаўнікі ААТ "Граніт-Агра" і госці свята паспрабавалі першы хлеб, спечаны з мукі ўраджаю 2018 года, сабранага залатымі рукамі гранітаўскіх хлебаробаў.

На працягу ўсяго свята вясёлы настрой дарылі хлебаробам і гасцям свята сталічныя артысты. Сольным выступлением і аўтарскімі песнямі радавала заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Раманоўская, артыст беларускай эстрады Аляксандр Заўгародны, захаплялі эстраднымі і ўсходнімі танцамі выступленні танцавальнага трыа.

Пастараліся арганізатары свята і для самых маленькіх удзельнікаў мерапрыемства: працавалі надзіманыя горкі, батут, цір, карусель, рознакаляровы "Color Fest".

Аматараў салодкіх ласункаў радавалі разнастайнасцю выбару гандлёвыя кропкі на любы густ. Акрамя таго, на свяце ладзілася выстава сельскагаспадарчай тэхнікі.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/