Горыч неабдуманых учынкаў



Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 і камісіі па справах непаўналетніх. Члены камісіі правялі прафілактычную гу-тарку з трыма юнымі правапарушальнікамі, адміністрацыйныя справы на якіх былі спынены з-за недасягнення ўзросту адказнасці, а таксама заслухалі інфармацыю аб праведзенай рабоце з сацыяльна ненадзейнай сям'ёй, дзе гадуецца аднагадовая дзяўчынка. Члены каардынацыйнага савета разгледзелі вынікі двух сацыяльных расследаванняў і прынялі рашэнні аб прызнанні двух дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы, а таксама прааналізавалі выкананне васьмі раней прынятых рашэнняў аб прызнанні непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы, спынілі дзеянне аднаго з іх.

Абрус-самабранка па-дзятлаўску

У камісію па справах непаўналетніх райвыканкама былі накіраваны пастанаўленні аб спыненні трох адміністрацыйных спраў на падлеткаў з-за недасягнення імі ўзросту адказнасці. Хлопцаў з бацькамі запрасілі на пасяджэнне камісіі для прафілактычнай размовы.

Як высветлілася, тры юныя парушальнікі гулялі ў адной кампаніі і познім вечарам былі затрыманы міліцыяй на вуліцы Чырвонаармейскай райцэнтра за ўжыванне спіртнога ў грамадскім месцы, а дакладней - побач з кінатэатрам "Спадарожнік".

Усе хлопцы сцвярджалі, што знайшлі піва і гарэлку за будынкам кінатэатра на камені. Праўда, члены камісіі не паверылі, што ў райцэнтры ёсць чароўны камень, на якім разгорнуты абрус-самабранка з бясплатнымі алкагольнымі напоямі, таму пацікавіліся ў падлеткаў, хто і пры якіх абставінах набыў для іх алкаголь.

Адміністрацыйныя справы на непаўналетніх аматараў спіртнога спынены, але з кожным з іх будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Дзіця застанецца дома

На папярэднім пасяджэнні камісія па справах непаўналетніх райвыканкама адхіліла хадайніцтва аб прызнанні маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне маленькай дзяўчынкі, якую маці гадуе адна. Такому рашэнню паспрыяў той факт, што жанчына не ўжывае спіртных напояў, а проста трапіла ў складаную жыццёвую сітуацыю. Яна сірата, нядаўна рассталася з мужам і яшчэ не атрымала аліментаў, а дапамогі на дзіця не хапіла на галоўныя плацяжы і харчаванне. Пры гэтым раённыя службы паклапаціліся аб выдзяленні для малазабяспечанай сям'і пакоя ў інтэрнаце, разам з грамадскімі аб'яднаннямі дапамаглі прадуктамі і бытавымі рэчамі.

Якая яшчэ работа была праведзена з сям'ёй, расказала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ала Жэгалік. Яна зазначыла, што службы раёна па-ранейшаму не пакідаюць маладую маці без падтрымкі. Яна і дзіця забяспечаны сезонным адзеннем, харчовымі прадуктамі, посудам, рэчамі гігіены. У маці ёсць цяжкасці з вядзеннем хатняй гаспадаркі, таксама яна не ўмее рацыянальна траціць грошы, таму па гэтых пытаннях яе кансультуюць спецыялісты. На сёння сітуацыя ў сям'і стабілізавалася і не выклікае трывогі ў службаў прафілактыкі, работа з сям'ёй будзе прадоўжана.

Не піць і не сварыцца

У ненадзейнай сям'і, дзе ўжо гадуюцца двое непаўналетніх, нядаўна нарадзілася трэцяе дзіця. Гэта стала падставай для правядзення чарговага сацыяльнага расследавання і ацэнкі ўмоваў пражывання нованароджанага.

Расследаванне паказала, што для ўсіх трох дзяцей створаны належныя ўмовы, ёсць запас прадуктаў і неабходныя рэчы, дома зроблены рамонт. Праўда, у шматдзетнай сям'і нечакана сапсаваўся кацёл ацяплення, але з гэтым пытаннем гаспадарам дапамаглі хутка справіцца.

Галоўная праблема, якая паўплывала на рашэнне каардынацыйнага савета райвыканкама прадоўжыць работу з сям'ёй і правесці паўторнае сацыяльнае расследаванне ў адносінах да нованароджанага дзіцяці, - гэта паводзіны бацькоў. Нядаўна паміж мужам і жонкай узнік канфлікт з выклікам работнікаў міліцыі. Як стала вядома, на момант сваркі бацька быў нецвярозы, а маці - раздражнёная з-за хатніх клопатаў і адсутнасці дапамогі з яго боку.

Бацькі п'юць, а вінаватай аказалася настаўніца

Ужо другое сацыяльнае рас-следаванне на працягу апошніх месяцаў праведзена ў сям'і, дзе гадуецца хлопчык-першакласнік. Раней дзіця прызнавалася маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, але было вернута ў сям'ю.

Не так даўно маці хлопчыка вярнулася з месцаў пазбаўлення волі, і ранейшыя праблемы аднавіліся. Яна і муж ужываюць спіртныя напоі, неаднаразова з-за гэтага ўзнікалі скандалы, у тым ліку з суседзямі. Апошнім разам у няміласць гора-бацькоў трапіла настаўніца іх сына. Дарослым здалося, што ў школе да хлопчыка кепска адносяцца. Яны расказалі аб гэтым сябру-сабутыльніку. Той прыняў аповед блізка да сэрца і патэлефанаваў настаўніцы з пагрозамі, назваўся пры гэтым работнікам адказнага ведамства. Педагог адразу ж зразумела, што тэлефоннаму махляру далека да высокай пасады, і расказала пра інцыдэнт дырэктару школы.

У час пасяджэння каардынацыйнага савета райвыканкама ropa-бацькі паабяцалі папрасіць у настаўніцы прабачэння, аднак члены камісіі загадалі ім заадно прывесці з сабой тэлефоннага махляра. Таксама дарослым параілі ўзяцца за розум, а хлопчыка з-за амаральных паводзінаў бацькоў зноў прызналі ў сацыяльна ненадзейным становішчы.

Дзяцей могуць адабраць

Праблемы, якія ўзніклі ў сацыяльна ненадзейнай сям'і, дзе гадуюцца чацвёра дзяцей, звязаны з неабдуманымі паводзінамі дарослых. Сям'я трапіла ў цяжкае фінансавае становішча, бо гаспадар другі раз запар быў затрыманы праваахоўнікамі за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. У яго канфіскавалі транспартны сродак, пакаралі чарговым штрафам на значную суму, сам мужчына знаходзіцца пад адміністрацыйным арыштам, таму на пасяджэнне каардынацыйнага савета была запрошана адна маці.

Як высветлілася, дарослыя ўжываюць спіртныя напоі, як толькі ў іх з'яўляюцца грошы, парадак у хаце не падтрымліваюць. Бацька працуе ў гаспадарцы, маці яшчэ да нараджэння малодшай дачкі была адтуль звольнена за парушэнні працоўнай дысцыпліны. Хутка дзяўчынцы споўніцца тры гады, таму жанчыне ўжо час задумацца аб працаўладкаванні. Раней старэйшыя дзеці ўжо прызнаваліся маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Цяпер зноў было прынята рашэнне ўзмоцніць кантроль службаў прафілактыкі за сям'ёй і, пры неабходнасці, пачынаць збор дакументаў на прызнанне непаўналетніх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Таксама ў час пасяджэння члены каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 разгледзелі раней прынятыя рашэнні аб прызнанні дзяцей з яшчэ васьмі сем'яў у сацыяльна ненадзейным становішчы. Адно рашэнне па сям'і, дзе гадуюцца чацвёра дзяцей, адменена, работа з астатнімі будзе прадоўжана.

Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віталь ЮРГО, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Уладзімір СВЯТОХА, першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты "Перамога", член камісіі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/